Амаль гарантавана перад вамі чалавек-лайно: як ставіцца да тых, хто сёння руліць футболам у Беларусі

0 7

Эксперымент, які пашыраецца на ўсю краіну.

Амаль гарантавана перад вамі чалавек-лайно: як ставіцца да тых, хто сёння руліць футболам у Беларусі

Нядаўна з Беларускай федэрацыі футбола прыбралі супрацоўніка, які да таго працаваў на тэлебачанні. Прыбралі не без дапамогі былых калег. За што?

Тое, што здарылася пасля выбараў-2020, не вельмі спадабалася хлопцу, і ён неяк гэта абазначыў. Абазначыў не надта рашуча, мімалётна, без асаблівага шуму. Прынамсі, не звольніўся, як некаторыя каментатары, а проста праз нейкі час сышоў з тэлеканала. Магчыма, нават не па ўласным жаданні.

Глыбіня абурэння была такой, што дазволіла экс-тэлевізіёншчыку супрацоўнічаць з федэрацыйнымі людажэрамі. Спадар Базанаў, спадар Ботнікаў, спадар Вяргейчык – адборная лукашэнкаўская гвардыя. Можна сказаць, вяршыня селекцыі, накіраванай на стварэнне кадаўраў. Сутнасць гэтых працадаўцаў добра вядомая. І па барацьбе з праектам «ЧестнОК», і па ўдзеле ў самых сумнеўных мерапрыемствах рэжыму, і па неадэкватных паводзінах падчас пандэміі. Ну і па рэпрэсіях у футболе, натуральна.

Але былы тэлевізіёншчык з імі неяк спрацаваўся і служыў на карысць белфутбола да таго часу, пакуль яму не ўказалі на дзверы.

Усё проста: наяўнасць сумлення – нешта зусім недаравальнае для цяперашняга рэжыму ў Беларусі. Атавізм больш страшны за веру ў Бога, з якой так зацята змагаліся камуністы. І гора тым, хто сумленне своечасова не прыхаваў, хто меў неасцярожнасць хаця б крыху выставіць яго напаказ. Так не толькі ў футболе і не толькі на тэлебачанні.

Напэўна, усе чулі пра сістэму праверак, якую збіраюцца ладзіць (а можа, ужо ладзяць) на дзяржаўных прадпрыемствах, каб выяўляць тых, хто мае прыкметы нелаяльнасці. Наяўнасць пратэстных адміністратывак, прысутнасць у спецслужбісцкіх фотабазах – усё гэта падстава для адмовы ў прыёме на працу як мінімум. Або для звальнення, калі нехта ўладкаваўся, калі фільтра яшчэ не было.

Дзяржаўныя прадпрыемствы, дзяржаўныя ўстановы – сёння не месца для людзей, якія не здольныя трымаць сябе ў руках і не могуць запхнуць сваё сумленне настолькі глыбока, каб і намёку не было. І калі ў вялікай арганізацыі зладзіць татальную чыстку ўсё ж такі праблематычна, то ў кампактнай – той жа федэрацыі футбола, напрыклад – гэта цалкам магчыма. І таму ўжо сёння можна сказаць: калі перад вамі стаіць нехта, хто называе сябе супрацоўнікам АБФФ, то нават не сумнявайцеся – вы бачыце чалавека-лайно. Ну або таго, хто пад такога чалавека на сто адсоткаў мімікрыраваў.

Гэта чалавек, які не абазначыў сваё сумленне ні словам, ні дзеяй. Чалавек, які дэманструе поўную лаяльнасць да самых ганебных практык. Які добра разумее, у чым ён удзельнічае і каму дапамагае. Чалавек-лайно – і кропка, нават калі ён усмешлівы, з добрай фрызурай ды ў модным гарнітуры. Іншых варыянтаў па АБФФ сёння няма.

Аднаго такога – усмешлівага, у гарнітуры і з фрызурай, нават вонкава чалавечнага, я ведаў у федэрацыі. Гэты супрацоўнік фенаменальна кантраставаў з недарэкай Базанавым і вар’ятам Вяргейчыкам. Было незразумела, як яны могуць працаваць пад адным дахам – але ж працавалі. І працуюць па сёння. Усё ж такі не гарнітур і не фрызура робяць двухногую істоту чалавекам.

Ведаў, што таму супрацоўніку яшчэ перад выбарамі начальства давала заданне разабрацца з «Трыбунай» праз так званае міністэрства інфармацыі. Супрацоўніку было няёмка, ён не хацеў гэтым займацца, але ж займаўся, тэлефанаваў, высвятляў. І перад Івуліным яму было няёмка. Не здзіўлюся, калі страйкі Хадасевічу (выключна ў мэтах папулярызацыі беларускага футбола, канешне) – справа рук таго ж быццам бы прыемнага і чалавечнага клерка. Ну а што – проста праца такая.

Пры гэтым у профілі таго хлопца на Linkedin у пераліку пасад на першым месцы стаіць не абээфэфэшная занятасць, а статус дэлегата УЕФА на розных міжнародных матчах, што ў прынцыпе адпавядае жыццёвым прыярытэтам супрацоўніка. Праз саўдзел у чорных справах на Радзіме так хочацца зрабіць кар’еру ва УЕФА, што дзеля гэтага можна пераступіць праз усё што заўгодна. Шкада, што датычнасць да рэпрэсій ніяк не абазначаная ў пераліку федэрацыйных абавязкаў на тым жа Linkedin – так было б больш чэсна (ды і ці мала каму такі функцыянал сёння можа спатрэбіцца), а УЕФА на такое, відавочна, пляваць.

Праўда, працягваюць гучаць заклікі прыбраць беларускіх функцыянераў з міжнародных спартыўных структур. Часам міжнародныя структуры падпарадкоўваюцца такім заклікам нават супраць сваёй волі. Таму можа стацца так, што Базанаў і Вяргейчык для «чалавечнага» клерка стануць адзінымі калегамі яшчэ не на адзін год (ну сапраўды, навошта скакаць па гэтых еўракубках і кваліфікацыях, рызыкаваць сабой у варожых краінах). Калі што, такі сюжэт я толькі вітаў бы.

Ну а ад таго, што адбываецца зараз з АБФФ, мы маем адзіную карысць. Мы бачым на ўласныя вочы, да чаго вядзе залімітаваная канцэнтрацыя лайна ў адной сферы, у адной арганізацыі. Шкада, што ахвярай эксперыменту з’яўляецца футбол. Але яшчэ больш шкада, што эксперымент паціху пашыраецца на ўсю Беларусь.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.