Футбол у Беларусі – гэта боль для глістоў-чыноўнікаў, якія і БАТЭ падагналі пад свой «ГОСТ». Але ёсць лёгкі спосаб выправіць сітуацыю (наўрад ці вам спадабаецца)

0 19

Як сумясціць санкцыі з жыццём без клопатаў.

Футбол у Беларусі – гэта боль для глістоў-чыноўнікаў, якія і БАТЭ падагналі пад свой «ГОСТ». Але ёсць лёгкі спосаб выправіць сітуацыю (наўрад ці вам спадабаецца)

Нас пераконваюць, што замежныя зборы не патрэбныя. І спарынгі з замежнымі клубамі таксама. І пра ліміты кажуць, што яны на карысць, а пра трэнераў і гульцоў з меркаваннем, што яны – персоны нон грата. Дэміургі дзяржаўнага кіравання наноў прыдумляюць айчынны футбол. І ад хілай пачваркі, якую мы бачым з такой дэталёвай выразнасцю ўжо на самым старце (ён жа з’яўляецца і фінішам) еўракубкавай кампаніі, займае дых. Хаця чаму тут дзівіцца, калі за мысленне ў гэтай істоты адказваюць глісты.

Да чаго вядзе мутацыя пад «ГОСТ», мы проста зараз назіраем на прыкладзе БАТЭ, дзе ў канец зламалася бізнес-схема. Яна, грунтаваная на рэгулярных поспехах у еўракубках, ад самага пачатку была рызыкоўнай, як рызыкоўнай і нават вар’яцкай з’яўляецца сама спроба рабіць у Беларусі бізнес на футболе. Схема закульгала яшчэ пры Анатоліі Капскім, пры яго сыне яна рассыпалася ўшчэнт. І вось праект ужо жыве не са сваіх заробкаў, а дзякуючы «органам мясцовага кіравання» і партнёрам, якія належаць дзяржаве (а факце – клану Лукашэнкі).

Андрэй Капскі дзякуе і кажа, што грошай хапае, хаця публічныя факты сведчаць роўна пра адваротнае. Дастаткова глянуць на свежыя падпісанні і на тое, якія выканаўцы сыходзяць – навідавоку дыспарытэт. Сутаргавыя спробы ўлетку, перад самым стартам міжнароднай кампаніі, зарабіць сотню-другую тысяч долараў (яшчэ не так даўно гэта не было прыярытэтам) гавораць пра татальны крызіс веры – веры ў поспех. Таму і адпускаюць тых, хто можа поспех забяспечыць. Хоць нешта ўхапіць, аблягчыць плацежную ведамасць, яшчэ крыху пратрымацца – і мы маем безнадзейныя 0:3 ад «Каньяспора».

Чым меней грошай, тым гучнейшыя падзякі і расказы пра бесклапотнае жыццё (а ў Беларусі гэта надзейны індыкатар, што нарастае крызіс). Але адных толькі словаў, натуральна, мала. Трэба і на каленях публічна пастаяць, і прыслухацца да таго, ці можна вярнуць у клуб Альшэўскага, а Няхайчыку – прапанаваць адпаведны яго ўзроўню заробак. Ну так, кампетэнтныя людзі падкажуць – у поўнай адпаведнасці з дзяржаўнымі інтарэсамі, якія да інтарэсаў футбола не маюць ніякага дачынення.

Яшчэ пара такіх сезонаў – і БАТЭ пераўтворыцца ў «Слуцк» з прэтэнзіяй, які будзе цягнуць за сабой траўмы былых поспехаў, як іх цягне да гэтага часу «Дынама». Ад такога цяжару сталічны клуб толькі пакутуе і збіваецца з кроку нават у тых сітуацыях, калі шанц ужо блізка. Былыя поспехі – гэта не толькі гордасць, але і праклён.

І самае крыўднае, што з гэтага не бачна выйсця – не толькі для БАТЭ, а для ўсяго беларускага футбола. Не бачна мадэлі, якая хаця б у сярэднетэрміновай перспектыве магла прывесці да поспеху (нават зусім сціплага) у Еўропе. Салігорская цыганшчына, дзе таемныя асобы залоцяць ручкі і ножкі сумнеўным легіянерам грашыма шахцёраў, таксама не працуе – тэарэма ўжо неаднаразова даказаная. І ў футболе беларусам застаецца толькі чакаць і спадзявацца, ды сачыць за «Энергетыкам-БДУ», які дорыць сэнс вышэйшай лізе.

Хуткі паратунак у футболе ёсць хіба што для глістоў, якім важны не сам спорт, а прыгожыя справаздачы пра яго. Нават дзіўна, што яны ў гэты шанц дагэтуль не ўчапіліся. Дзіўна, што так бароняць права выступаць у еўракубках і турнірах для зборнай. Навошта? Навошта вам прыніжэнні, лупцоўкі і прачуханкі? Вы ж добра разумееце, чым усё скончыцца.

Глядзіце, як добра без нас прайшоў чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Так, медалёў няма, але няма і правалу. І які прастор адкрыўся для творчасці! Як многа і пераканаўча можна казаць пра тое, якіх поспехаў мы б дасягнулі, калі б не падседы зайздроснікаў і нядобразычліўцаў. І некаторыя ўжо добра прадэманстравалі, як карыстацца такой тэхналогіяй.

На словах скакун з шастом разрывае рэкардсмена свету Армана Дзюпланціса – і што з таго, што нават дома, дзе беларусы пры ўласных замерах любяць дэманстраваць анамальна высокія вынікі, натуралізаваны расіянін не далятае да «візаві» сантыметраў так 70? Тут не трэба саромецца.

Словы суцяшаюць душу і дораць надзею і сэнс існавання. І права на дзяржаўную падтрымку дораць. А ад рэальных спаборніцтваў – спрэс боль. Ну, з’ездзілі на Алімпіяду ў Токіа, а пасля ў Пекін – паўсюль расчараванне і горкі прысмак, антырэкорды і прыніжэнні. Нават забаўляльная арыфметыка не вельмі дапамагае выкручваць такі багаж сабе на карысць.

Министр спорта – интеллектуал: придумал элегантный способ доказать, что Беларусь даже с антирекордом неплохо выступила в Токио. Но логика все же его подвела

І як жа лёгка перамагаць там, дзе нас няма.

Віртуалізацыя дасягненняў, стварэнне альтэрнатыўнай спартыўнай рэчаіснасці – прывабны шлях для глістоў. Калі ў суперніках толькі Расія, ніжэй за другое месца не апусцішся, як ні круці. І як ціха мінула вясна і пачалося лета ў хакеі. Вы заўважылі гэта? Які там спакой, якая гармонія – ніводзін функцыянер не пацярпеў, і нікому не дурылі галавы. А толькі і дастаткова было не паехаць на чэмпіянат свету, каб там па традыцыі праваліцца.

Беларускія футбалісты пакуль брыдуць дарогай пакут замест таго, каб, седзячы дома, насалоджвацца трымценнем немцаў, бразільцаў і хто там яшчэ нас баіцца. Думаю, футбалістам і не трэба гэта – яны гатовыя і далей несці свой крыж. Але ёсць праблема: за дрэнныя вынікі дзяўбуць не спартоўцаў, а тых, хто за іх быццам бы думае. Глістам гэта, канешне, не падабаецца.

Цікава, да якога рашэння яны прыйдуць…

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.