Якая беларусам карысць ад паралімпійца Талая, хоць ён і кажа дзіўныя рэчы

0 37

Загадка вазочніка, заклапочанага ЛГБТ.

Якая беларусам карысць ад паралімпійца Талая, хоць ён і кажа дзіўныя рэчы

Калі б кіберпартызаны пацікавіліся ў мяне, чыю электронную пошту разам з праслухоўкай у беларускім спорце хакнуць, я б ім адказаў: Аляксей Талай.

Здзіўленыя?

Але ж гэта ўнікальны чалавек. Унікальны нават не таму, што ў яго з усіх канечнасцей пасля выбуху міны засталася толькі левая рука крыху ніжэй за локаць, і што ў такім стане ён пачаў займацца плаваннем, і што ў плаванні ставіць рэкорды ў сваёй катэгорыі, і што спартоўцаў у яго катэгорыі зусім мала, а гэта азначае, што спортам, не маючы канечнасцей, здольныя займацца толькі адзінкі, і Талай – як раз з такіх нязломных. Гэта ўсё таксама вельмі важна, але мне хочацца раскрыць іншы яго сакрэт.

Як, як вазочніку з Мінска гэта ўдаецца? І тут маю на ўвазе не бізнес, якім Талай займаецца. Неяк ён расказваў пра комплекс пад Масквой, саўладальнікам якога з’яўляецца. Хаця і гэта вельмі цікава.

Але больш цікавіць іншае: як вазочніка з Мінска, няхай і не самага звычайнага, знаходзяць усе гэтыя людзі? Знаходзяць, каб падзяліцца сваімі захапляльнымі і драматычнымі гісторыямі, каб данесці свае меркаванні па найважнейшых для Беларусі пытаннях. Толькі не кажыце, што тое самае адбываецца з кожным з вас і што тут няма ніякага дзіва, інакш маё жыццё падасца сумным і непраглядным.

Як бы тут разабрацца без кіберпартызанаў?

Талая – на жаль, не ведаю, якімі мовамі ён валодае, але, верагодней за ўсё, ён паліглот – адшукваюць багатыя жанчыны з еўрапейскіх сталіц, каб паплакаць і распавесці пра сваю адзіноту, пра тое, як цяжка жыць у трохпавярховым доме, калі там не гучаць дзіцячыя галасы.

Яму даносяць свае гісторыі еўрапейскія дзеці, якіх выхоўваюць геі і лесбіянкі (у Беларусі ж такога не можа быць). Дзецям у такіх сем’ях цяжка, яны плачуць і хочуць назад, у традыцыйныя сем’і, дзе бацька можа даць рэменем па азадку. Але позна, цягнік сышоў – затое ніколі не позна распавесці пра гэта беларускаму верніку з двума шлюбамі.

Усё тыя ж геі і лесбіянкі чамусьці менавіта Талаю выкладаюць сваё здзіўленне ад ЛГБТ-парадаў, якія незразумела як ладзяцца ў розных еўрапейскіх краінах. Увогуле, калі паслухаць паралімпійца, то складаецца ўражанне, што ён бы той магніт для прадстаўнікоў секс-меншасцей і іх гісторый. А яшчэ з яго прамоў вынікае, што гей-парады – ледзьве не галоўная пагроза, якая вісіць над Беларуссю. Добра, што ён заўважыў.

Дзесьці ўперамешку з геямі, лесбіянкамі і бяздзетнымі кар’ерысткамі ў расповедах Талая ідуць так званыя змены ў канстытуцыю Беларусі. І тут ён таксама адзначыўся рэдкім досведам. Вось я на ўласныя вочы назіраў, як у сацсетках абмяркоўваўся варыянт Канстытуцыі, распрацаваны штабам Святланы Ціханоўскай. Бываў і на адмысловай платформе, дзе прымаліся прапановы на гэты конт (іх там было нямала), і нават сваімі крывымі пальцамі набіў пару думак.

Але што тычыцца змен у канстытуцыю з боку рэжыму Лукашэнкі – пра такое я чуў выключна ў прапагандысцкіх матэрыялах. Пра нейкую незразумела як складзеную камісію, якая нічога нікому не казала; пра закрытыя сустрэчы чыноўнікаў і дазволеных дэпутатаў, дзе быццам бы ішло нейкае абмеркаванне. Тым не менш, нам рапартуюць пра тысячы прапаноў да лукашэнкаўскага варыянта канстытуцыі ад звычайных грамадзян. І менавіта Талаю гэтыя прапановы прыходзяць, як кажа наш герой, тонамі, і ён з імі працуе (хоць і марна).

Паралимпиец Талай дарил дремучие идеи для новой «конституции» – их не взяли, но проект и так смешной: рулить будет ВНС (с Капским ли?), Лукашенко защитили

Паспрабуйце нагугліць электронную пошту канстытуцыйнай камісіі – не думаю, што ў вас атрымаецца. Таму, напэўна, «неабыякавыя грамадзяне» даймаюць паралімпійца ў яго сацсетках. Вось і кажу – унікальны ва ўсіх сэнсах чалавек. А ўсяго пару гадоў таму (а Талай яшчэ і матывацыйны спікер, хаця з яго заблытаных прамоў па ТБ цяжка зрабіць такую выснову) тлумачыў жанчынкам, што рабіць з сынамі-прапойцамі.

Сыны-прапойцы і канстытуцыя Лукашэнкі – які імклівы ўзлёт і якая шырокая праблематыка! Таму я і хачу даведацца – няхай нават без кіберпартызанаў, можа, Талай сам усё раскажа – як ён збірае ўсе гэтыя гісторыі. Што за людзі яму пішуць? Адкуль? Гэта ж не нейкія хваравітыя фантазіі, так?

Існуе меркаванне, што кожны з нас жыве ў сваёй інфармацыйнай бурбалцы. Калі што, у маёй няма ніводнага добрага слова пра Талая, хаця я шукаў. Хтосьці паралімпійца абражае, а хтосьці прызнаецца, што мае моцнае жаданне даць яму кухталя. Усё гэта не вельмі добра, але, як ні дзіўна, Талай, які выклікае такую рэакцыю, дапамагае адносна здаровым беларусам пабачыць у беларусах з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі паўнавартасных асоб. Асоб, якія могуць удзельнічаць у грамадскай дзейнасці, якія маюць свае думкі і свае меркаванні. Там ёсць і дурні, і разумныя, і сумленныя, і амаральныя прыстасаванцы – гэта проста частка нашага грамадства.

Такім людзям не патрэбныя спачуванне і жаль. Затое іх можна паважаць, а можна і не паважаць. Можна хацець абразіць або даць у вуха – гэта таксама праява аднолькавага стаўлення да людзей у незалежнасці ад таго, як яны ходзяць (ці на сваіх нагах, ці на мыліцах) ці не ходзяць увогуле.

Калі людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ўвосень 2020-га выхадзілі на маршы супраць гвалту, гэта вызывала ў мяне захапленне. Хаця вось зараз думаю: а чаго было захапляцца? Гэтыя беларусы што, жывуць у нейкай іншай краіне? У нейкай іншай краіне жыве, як мне здаецца, Талай, заклапочаны ЛГБТ-тэматыкай. Яго словы часта мяне абураюць, і гэта дапамагло мне адолець адно з табу, якія існуюць у беларускім грамадстве: на інвалідаў (сёння гэта слова лічыцца не вельмі карэктным) нельга злавацца – іх трэба шкадаваць.

Такая ўнутраная карэкцыя дазваляе змясціць фокус з фізічнага на ментальнае. І тады мы бачым, што ў людзей з фізічнымі абмежаваннямі ніякіх абмежаванняў на ўзроўні ментальным можа і не быць. Часам здараецца наадварот. Мяне вельмі цікавіць драма ў сям’і Драздоўскіх. Пакуль некаторыя лініі ў ёй да канца не прагавораныя, але гэта інтрыгуе яшчэ больш.

Сяргей Драздоўскі быў дырэктарам «Офіса па правах людзей з інваліднасцю». Сам стаў вазочнікам у 22 гады пасля няўдалага нырку ў рэчку. Пасля выбараў-2020 дастаўляўся на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў, дзе яму пагражалі турэмным зняволеннем. Змяшчаўся пад хатні арышт. Прычына – дапамагаў людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі сплачваць штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту. Быў вымушаны пакінуць краіну, зараз знаходзіцца ў Германіі.

Яго сястра Таццяна – фізічна цалкам здаровая. Чэмпіёнка свету па парусным спорце-2007. На фоне гвалту ў краіне, на фоне пераследу брата падпісала ліст у падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Шкадавання насамрэч куды часцей вартыя людзі, у якіх няма ніякіх абмежаванняў.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.