Пасля выбараў Домрачава раскрыла сакрэт, які так удала захоўвала падчас кар’еры. Справа ў тым, што яна вельмі…

0 10

Давайце скажам наўпрост.

Пасля выбараў Домрачава раскрыла сакрэт, які так удала захоўвала падчас кар’еры. Справа ў тым, што яна вельмі…

Рэдка, але вельмі трапна. Здавалася, выступ пасля жорсткага збіцця брата лукашэнкаўскімі сілавікамі немагчыма пераплюнуць, але славутая біятланістка пасля доўгага маўчання зрабіла моцную спробу. Сітуацыя, што склалася ва Украіне, перашкаджае Дар’е Домрачавай думаць пра прыемнае. Ну, так, думаць зараз пра прыемнае, калі помеж знішчаюць гарады, забіваюць людзей, можна, толькі калі ў цябе няма сэрца.

Праўда, былую спартоўку ўкраінскія падзеі хвалююць у вельмі спецыфічным разрэзе.

Свежы допіс уражвае поўнай адсутнасцю эмпатыі і спачування, быццам Домрачава ўвогуле не здольная на эмоцыі. Быццам для чагосьці яна эмоцыі пастаянна захоўвае – не адшкадавала ні беларусам, якіх душылі, ні брату, якога катавалі, ні ўкраінцам, якіх забіваюць. Дар’я не выціснула з сябе хаця б слова падтрымкі на адрас суседзяў, быццам ёй іх увогуле не шкада. Нават Сабаленка дзеля прыстойнасці здолела вымавіць штосьці такое, а Домрачава – не здолела.

Яна канстатуе, што ахвяр катастрафічна многа, гаворыць пра неацэннасць чалавечага жыцця, але пра тое, што ёй кагосьці шкада, – такога ў тэксце няма. Па-сапраўднаму хвалюе Домрачаву іншае – санкцыі ў дачыненні да спартоўцаў, якія прадстаўляюць Расію і Беларусь. Не хочуць іх бачыць на міжнародных спаборніцтвах – вось што Дар’ю сапраўды клапоціць.

Не рызыкну Домрачаву, удзельніцу не адной дабрачыннай акцыі, назваць бессардэчным чалавекам. Не паверу, што ў ёй як у маці не адгукаецца болем трагедыя Марыупаля. Проста не можа такога быць. Тым больш яна ўжывае слова «вайна» (хаця і не асмельваецца сказаць, хто яе распачаў і па чыёй віне знішчаюць украінцаў), кажа, што загінула багата людзей – гэта ўказвае на добрае разуменне працэсу. Перад намі не ахвяра расійскай прапаганды. Дык чаму спартоўку хвалюе другаснае, а не першаснае; наступствы, а не першапрычына? Чаму выглядае так, быццам яе турбуюць выключна шкурна-спартыўныя інтарэсы, а не чалавечыя жыцці? У мяне ёсць тлумачэнне, але пра гэту гіпотэзу нават няёмка пісаць.

Падчас спартыўнай кар’еры Домрачава была жаданай і пры гэтым вельмі цяжка дасяжнай фігурай для журналістаў. У маім асабістым тэлефонным даведніку (у ім ужо 43 старонкі фармата А4), які вяду больш за 15 гадоў, ёсць тэлефоны амаль усіх зорак айчыннага спорту. І толькі кантакту ГБ (Гераіні Беларусі) не было і да гэтага часу няма. Падчас актыўнай кар’еры Дар’я ім амаль ні з кім з маіх калег не дзялілася, а калі дзялілася, то вельмі настойліва прасіла нікому не даваць. Быццам ахоўвала не толькі прыватнасць, але і пэўны сакрэт. На інтэрв’ю таксама пагаджалася вельмі рэдка. Пара грунтоўных размоў на год – ужо някепска для фанатаў. Уласна кажучы, у гэтых размовах і можна адшукаць меркаваны ключ да загадкі.

Інтэрв’ю Домрачавай былі, ды і зараз застаюцца стабільна пустымі. Настолькі пустымі, што на іх фоне нават выступы Дзмітрыя Корабава ў перапынках матчаў КХЛ выглядаюць узорам аратарскага майстэрства. Дар’я нястомная ў адным – генерыраванні нішчымных банальнасцей. Калі ў Вікторыі Азаранка ёсць два рэжымы (шчыры і драйвовы для заходніх медыя і панылы для беларускіх), то Домрачава заўжды едзе на першай перадачы. Яе прэс-канферэнцыі – то была боль у рэжыме live.

Каб мы добра паразумеліся, прывяду адносна свежы прыклад. У чэрвені 2021 года экс-біятланістка распавяла алімпійскаму камітэту Лукашэнкі (гэта такі сямейны орган, дзе пасада перадаецца ў спадчыну) пра свае правілы жыцця. Паспрабуйце даглядзець да канца на базавай хуткасці і не пазяхнуць. Ладна, можаце пазяхаць, але хаця б не засніце, добра?

Што тут не так? У чым праблема? Мой адказ – гэта толькі гіпотэза, а не сцвярджэнне. Дык вось: праблема ў тым, што Домрачава – дурная. Рэальна вельмі дурная. (у перакладзе на рускую мову гэта слова азначае «глупая» і нічога больш). Пасля ўжывання такога слова мушу зазначыць дзве рэчы. Па-першае, я і сябе не лічу інтэлектуалам і разумнікам, таму можаце не шкадаваць ацэнак на мой адрас. Па-другое, дурная не азначае дрэнная. Ну, так, у галаве Домрачавай не нараджаюцца арыгінальныя думкі, якія можна было б вербалізаваць. Яна ўсхвалявана падбірае словы, каб, барані Божа, не дазволіць сабе нейкай шчырасці, і гэта робіць яе спічы яшчэ больш сумнымі.

Усё гэта не азначае адсутнасці нейкіх творчых схільнасцяў – да дызайну адзення або архітэктуры. У Дар’і шмат моцных якасцяў – куды болей, чым у сярэдняга чалавека. Ну а фармуляванне сэнсаў, глыбіня думкі, інтэлектуальная эквілібрыстыка – гэта не яе жанры. І Домрачава гэты сакрэт (а мне здаецца, яна рэалістычна сябе ацэньвае) на працягу кар’еры добра захоўвала з дапамогай вельмі абмежаванай прысутнасці ў СМІ. Бо беларусы цанілі Дашу – як жа прыемна ў мінулым было яе так называць! – не за словы.

Ну а жыццё ставіць перад Домрачавай такія пытанні, на якія мала хто ведае правільныя адказы. Дакладней, правільныя адказы навідавоку, зло і дабро дастаткова сябе абазначылі, але што зробіш, калі і фармуляваць не ўмееш, i яшчэ баішся пакрыўдзіць таго, хто раскладаў гонкі (рэагуючы на гвалт у краіне, Лукашэнку не адрасавала ніводнага пытання і, у адрозненне ад Герасіменi, захавала свае зямельныя надзелы пад Мінскам). А да таго ж хочаш выглядаць мудрай і яшчэ баішся праявіць хаця б кропельку эмоцый (усё ж такі цікава, куды іх Дар’я накіроўвае).

Увогуле, нечакана, што Домрачава выступіла зараз, з такой нагоды – пра яе забыліся і нічога ўжо не патрабавалі ў грамадскім плане. Здавалася б, самы камфортны стан для сумлення. Калі Дар’я звярталася да камандзіраў так званага АМАП адразу пасля выбараў, то была чыстая эмоцыя. Калі адрэагавала на збіццё брата, то сама сітуацыя не дазваляла маўчаць. А тут прагматычная чэмпіёнка, якая пазбягае публічных прамоў, раптам уступілася за дыскваліфікаваных спартоўцаў Расіі і Беларусі, хаця сама даўно ўжо робіць грошы далёка ад дома. Няўжо так баліць?

Не здзіўлюся, калі пра такі зварот Домрачаву папрасілі. Усё ж такі зорка еўрапейскага маштабу – раптам дапаможа? Яна не гідзіцца мець кантакты з алімпійскім камітэтам Лукашэнкі, што б нi казала пра мір і інтарэсы спартоўцаў, камунікуе і з Ганнай Эйсмант, вядомай зразальшчыцай стужак. Дар’ю відавочна не хвалююць атлеты і трэнеры, якія патрапілі пад рэпрэсіі ў Беларусі праз палітычныя погляды (або яна хоць словам узгадала Мікалая Казеку або тую ж Герасіменю?). Не хвалююць і палітычна матываваныя звальненні на Радзіме на прадпрыемствах. Гэты народзец не дабіў да сэрца Домрачавай. Іншая справа – змагацца з наступствамі вайны.

А можа, Дар’я адчула пагрозу сваім інтарэсам? Пакуль што яна не пад санкцыямі. Няхай і беларуска, але можа працаваць у іншых камандах. А раптам санкцыі ўзмацняцца? Чым займацца тады? У такіх абставінах, сапраўды, думаць пра украінцаў не выпадае. Таму мы і маем абмежаваную рэакцыю на пагрозу. Сапраўдныя матывы не прыкрытыя ніякім рытарычным шалупіннем – і то нават добра.

Домрачаву абурае тое, што спартоўцаў адхіляюць ад спаборніцтваў толькі па прычыне нацыянальнай прыналежнасці, а не за нейкія канкрэтныя дзеянні. Але сам пост алімпійскай чэмпіёнкі можна расцаніць як канкрэтнае дзеянне – досыць цынічнае і эгаістычнае. Такія ж характарыстыкі можа мець і бяздзеянне. Хто з беларускіх спартоўцаў выступіў супраць вайны? Хто з іх асудзіў абстрэлы ўкраінскіх гарадоў з тэрыторыі Беларусі? Многа хто пра гэта заікнуўся?

Эгаізм уласцівы спорту высокіх дасягненняў. Але стогны пра санкцыі пры амаль поўным ігнараванні гуманітарнай катастрофы, якую мы назіраем ва Украіне, – нават для спорту высокіх дасягненняў гэта занадта. Хаця ў Беларусі прыхільнікаў такой «філасофіі» хапае – Недасекаў, Баскаў, Мірончык-Іванова, Рутэнка. З дапамогай вайны ў суседзяў яны аператыўна прайшлі тэст (насамрэч ужо мала каму патрэбны) на чалавечнасць з такім жа самым вынікам, як расійскія вайскоўцы праходзяць тэст на «ўкраінскаць» па слове «паляниця» – то-бок цалкам праваліліся.

І выказванне Домрачавай, і паводзіны большасці беларускіх атлетаў насамрэч упэўніваюць у тым, што дыскваліфікавалі па заслугах. Калі не падзяляеце базавых каштоўнасцей, калі не асуджаеце відавочнае зло, то спаборнічайце самі з сабой. Чаго вас шкадаваць?

Але не хочацца ставіць Домрачаву ў адзін шэраг з такімі персанажамі. Усё ж такі лепей проста быць дурной, чым бессардэчнай.

Ці не так?

Ну, а некаторыя сакрэты лепей і не ведаць.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.