Akkodis ASP – Team WRT, лік 1:1. Абмен ўдарамі на этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Маньі-Кур

0 3

Фота: gt-world-challenge-europe.com

Калі разглядаць асобны этап як матч, то так, французская і бельгійская каманда згулялі ўнічыю. Хаця ў чэмпіянаце цяпер усё стала вельмі цікава.

Akkodis ASP – Team WRT, лік 1:1. Абмен ўдарамі на этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Маньі-Кур

Ва Украіне ўжо амаль тры месяцы працягваецца вайна, і ніякіх больш важных тэм на сёння ў свеце не існуе. Нічога больш страшнага, чым гібель мірных жыхароў, у тым ліку маленькіх дзяцей, быць не можа. У адрозненні ад гэтага, адхіленне расійскіх гоншчыкаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах перажыць можна.

Ваенныя злачынствы, якія ўчыняюць расійска-фашысцкія захопнікі, немагчыма апраўдаць нічым. Вінаватых у іх неабходна прыцягваць да судоў, забываць пра гэта нельга. Як і пра гераізм украінцаў, якія далі годны адпор агрэсару і зламалі яго планы. Узброеныя сілы Украіны і яе просты народ з’ядналі свае намаганні, абараняючы сваю свабоду і незалежнасць.

Немагчыма вызваліць і так вольных людзей, тым больш калі вызваляе іх армія рабоў і жабракоў. Немагчыма прывабіць імперскім стойлам тых, прывык да свабоды і чалавечай годнасці. Адстойваць гэта ўкраінцам зараз дапамагаюць у тым ліку беларусы, якія прагнуць вызваліць ад дыктатуры і нашу зямлю. У нас адзіныя мэты і вораг. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Што ж да расійскіх гоншчыкаў, то далёка не ўсе яны апынуліся за бортам. Проста выступаць яны мусяць пад нейтральнымі сцягамі, як Цімур Багуслаўскі, які ўдзельнічае ў серыі GT World Challenge Europe. І ён з Рафаэле Марчэла, з якім яны выступаюць у восемдзесят дзявятым экіпажы, на этапе ў Маньі-Куры, дзе праходзіў другі этап у фармаце Sprint, у мінулы ўік-энд ізноў падняўся на вяршыню подыуму.

Akkodis ASP – Team WRT, лік 1:1. Абмен ўдарамі на этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Маньі-Кур

Але гэта было ў нядзелю, а ў суботу пяршынствавалі дзейсныя чэмпіёны Шарль Віртс і Дрыс Вантор з трыццаць другога экіпажа каманды WRT. Пры гэтым першымі стартавалі зусім не бельгійцы, а адзінаццаты экіпаж каманды Tresor by Car Collection у складзе Сімона Гашэ і Крыстафера Хаас, якія таксама выступаюць на Audi R8 LMS GT3 Evo II.

Пачынаў гонку Гашэ, і зрабіў ён гэта выдатна, захаваўшы лідарства, тады як Віртс прапусціў на другую пазіцыю вядомага нам па сусветным Турынгу Жыля Магнуса, які выступае ў дваццаць шостым экіпажы Sainteloc Junior Team разам з Нікаля Бэртам. А ззаду свой прарыў з шостай пазіцыі пачаў згаданы вышэй Багуслаўскі, які абагнаў Mercedes-AMG GT3 сястрынскага для іх з Марчэла восемдзесят сёмага экіпажа Тамаса Друэ і Каспера Сцівенсана.

Akkodis ASP – Team WRT, лік 1:1. Абмен ўдарамі на этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Маньі-Кур

Віртс жа некаторы час пакутаваў ад недахопу тэмпу, але яшчэ да сканчэння свайго адрэзку знайшоў яго, і праз дваццаць хвілін пасля старту абагнаў Магнуса, падлавіўшы таго на памылцы. Гашэ да таго моманту давёў свой адрыў да чатырох секунд, і здавалася, што яны з Хаасам адсвяткуюць перамогу. Але Віртс і набліжацца пачаў даволі хутка, і на піт-стоп заехаў удала, раней за канкурэнта, і піт-стоп той каманда правяла выдатна і хутка.

У выніку пасля піт-стопу адзінаццатага экіпажа ужо ён даганяў трыццаць другі. І ўжо Хаасу не хапала тэмпу, але яму не было наканавана утрымаць і другую пазіцыю, бо добры піт-стоп правялі і ў Akkodis ASP, і ззаду накочваў Марчэла, які за дзесяць хвілін да фінішу абагнаў нямецкага гоншчыка ў шыкане Imola. У выніку яны з Багуслаўскім фінішавалі другімі, а Гашэ і Хаас задаволіліся трэцім месцам.

Akkodis ASP – Team WRT, лік 1:1. Абмен ўдарамі на этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Маньі-Кур

Ну а ў нядзелю швейцарац з расіянінам правялі ўзорна-паказальны этап, пачаўшы яго поўлам і скончыўшы перамогай. Віртсу з Ванторам у другой гонцы, якую яны пачыналі з чацвёртай пазіцыі, не пашчасціла, бо яшчэ дзесяць Дрыс страціў у выніку памылкі і візіту ў гравій ужо на старце. Пасля такой няўдачы іх шостае месца на фінішы выглядае не так і дрэнна.

У Akkodis ASP адсвяткавалі не проста перамогу, а дубль, які забяспечылі Джым Пла і Максіміліан Гётц з восемдзесят восьмага экіпажа. Другімі яны і стартавалі, а ў гонцы ні той, ні іншы памылак не дапусцілі. Хаця на немца падчас яго адрэзку насядаў Крыстафер Міс з трыццаць трэцяга экіпажа WRT, у якім таксама выступае Жан-Бапціст Сіменаўэр.

Але Міс праз кантакт з Максі праз пятнаццаць хвілін пасля старту не толькі нічога не выйграў, але і прапусціў наперад Патрыка Нідэрхаўзэра, які на дваццаць пятай машыне Sainteloc Junior Team выступае разам з Арэльенам Панісам. Менавіта яны і падняліся на ніжнюю ступень подыуму нядзельнай гонкі, а Міс і Сіменаўэр задаволіліся ў ёй чацвёртым месцам.

Для сорак шостага экіпажа WRT, у якім разам з Фрэдэрыкам Вервішам выступае мульцічэмпіён MotoGP Валянціна Росі, этап у Маньі-Куры склаўся няпроста: пятнаццатае месца ў суботу і адзінаццатае ў нядзелю. Але Доктар паступова прывыкае да тэхнікі GT3, і хутка стабілізуе свае вынікі і павысіць іх.

Akkodis ASP – Team WRT, лік 1:1. Абмен ўдарамі на этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Маньі-Кур

Што ж да становішча ў чэмпіянаце, то яно, як я і адзначыў вышэй, стала цікавым. Таму што Марчэла цяпер аднаасобна лідзіруе ў асабістым заліку, маючы 74,5 ачка і на тры з паловай апярэджваючы Віртса з Ванторам, якія апусціліся на другую пазіцыю. А трэці цяпер, ізноў жа аднаасобна, Багуслаўскі, у якога 56,5 ачка (на першым этапе ў Імале Цімур не стартаваў).

У камандным заліку WRT захавалі лідарства, але ў іх 78 ачкоў, што ўсяго на тры з паловай болей, чым у Akkodis ASP, таму напружаная барацьба прыспела і тут. Tresor by Car Collection з 42,5 бала па-ранейшаму трэція.

Akkodis ASP – Team WRT, лік 1:1. Абмен ўдарамі на этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Маньі-Кур

Працягнецца сезон серыі GT World Challenge Europe ужо этапам фармату Endurance, які пройдзе 3-5 чэрвеня на трасе Поль Рыкар. Як і ў мінулым годзе, гэта будзе шматгадзінная 1 000-кіламетровая гонка.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.