Апошні становіцца першым. Маркус Эрыксан стаў галоўным героем 500 міль Індыянапаліса і новым лідарам серыі IndyCar
Фота: indycar.com
Не, апошнім у IndyCar шведскі гоншчык Chip Ganassi Racing не быў. А вось у Формуле 1 быў. Вядома, дамагчыся нечага годнага ў складзе Caterham, Sauber і Alfa Romeo ў 2014-2018 гадах было цяжка, затое за акіянам Маркус можа цяпер поўнасцю раскрыць свой патэнцыял.
Свае чалавечыя патэнцыялы не ў саўковай імперыі раскрылі многія краіны, што некалі ўваходзілі ў яе склад. Балтыйскія зрабілі гэта раней, бо ім пашанцавала болей, але, перахварэўшы непазбежнымі дзіцячымі хваробамі, пачала рабіцца сапраўды моцнай і незалежнай і Украіна. Менавіта гэтага ёй і не дараваў расійскі дыктатар, які вось ужо сто дзён катуе яе вайной.
Аднак за гэтыя сто дзён максімум, чаго дабіўся агрэсар – гэта часовы захоп тэрыторый. Захапіць жа мазгі ўкраінцаў і атруціць іх сваёй імперскай атрутай у яго не атрымалася. Украінцы свой цывілізацыйны выбар зрабілі, і цяпер гатовыя абараняць яго хоць са зброяй у руках, хоць без. Хаця абараняюць яны ўжо нешта большае: права на існавання сваёй і сваёй дзяржавы і само існаванне заходняй цывілізацыі.
https://t.co/2k7f8KT27q
— Генеральний штаб ЗСУ (@GeneralStaffUA) 3 июня 2022 г.
І калі цывілізацыя хоча існаваць і квітнець далей, яна абавязаная без лішніх абмеркаванняў сярод палітычных махляроў даваць Украіне любую зброю. Украінцы справяцца і старой, але нашмат эфектыўней для іх будзе вызваляць сваю зямлю пры дапамозе сучаснай.
Тым больш што яна дапаможа і Беларусі, бо вызваленне Украіны будзе значыць і наша вызваленне, для якога шмат робяць нашы суайчыннікі, што зараз украінцам дапамагаюць. Пажадаем ім адкруціць галаву нашаму агульнаму ворагу. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!
Гостомельський капкан: бій за аеропорт під Києвом. Повне відео тут 📺👇https://t.co/gfl0dhDksY pic.twitter.com/u0sUNE0yhE
— НГУ (@ng_ukraine) 3 июня 2022 г.
Сваю падтрымку ўкраінскаму народу выражаюць і каманды амерыканскай формульнай серыі IndyCar, якія тыдзень таму паўдзельнічалі ў сто шостай у гісторыі гонцы Indy 500. 200-кругавая гонка на авале Старой Цаглярцы як заўсёды выдалася багатай на падзеі, у тым ліку на аварыі.
Адна з іх апроч іншых здарылася і з дэбютантам Рамэнам Гражанам – француз з каманды Andretti Autosport разбіў свой балід прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі, калі лідар ужо дастатковая ясна выявіўся. Ім быў уладальнік поўлу, ветэран серыі з каманды Chip Ganassi Racing Скот Дзіксан. Лідзіраваў ён агулам дзевяноста пяць кругоў, але фінішаваў толькі дваццаць першым праз перавышэнне хуткасці на піт-лэйне штраф за гэта. Пабываў лідарам і яшчэ адзін прадстаўнік калектыву Чыпа Ганасі Алекс Палоў, які стартаваў другім. Але фінішаваць іспанцу ўдалася толькі восьмым.
Абараніў жа гонар каманды Эрыксан. Гонку Маркус пачынаў пятым, і спачатку не здавалася, што ён яе і выйграе. Ў лідары швед выйшаў толькі на сто дзевяностым кругу, пасля паядынку з пераможцам Гран Пры Алабамы Патрысіа О’Вордам з Arrow McLaren SP. Мексіканец, зрэшты, пасля гэтага таксама не склаў зброю, павісшы ў Эрыксана ззаду. А партнёр Маркуса па яго камандзе Джымі Джонсан яго канкурэнту дапамог, разбіўшы свой балід на сто дзевяноста чацвёртым кругу.
Пасля гэтага інцыдэнту пелатон спачатку ўзначаліў аўтамабіль бяспекі, а за чатыры кругі да фінішу гонка наогул была спыненая чырвонымі сцягамі. Зразумела, усе адрывы былі нейтралізаваныя, што на апошніх двух кругах, калі заезд аднавіўся зялёнымі сцягамі, дазволіла О’Ворду ізноў пайсці ў атаку. Але Эрыксан люта адбіваўся і абараніў сваю трэцюю ў кар’еры ў IndyCar і першую на 500 мілях Індыянапаліса перамогу. О’Ворд фінішаваў другім, трэцяе месца заняў яшчэ адзін прадстаўнік Chip Ganassi Racing Тоні Канаан.
Гонка Indy 500 у IndyCar – падзея цэнтральная, таму і ачкоў за яе налічваецца багата. Эрыксан іх зарабіў ажно 109, што разам з няўдачамі канкурэнтаў, якія раней лідзіравалі ў чэмпіянаце, дазволіла яго ўзначаліць. Маркус зараз мае 226 балаў, на трынаццаць абганяючы О’Ворда, які падняўся на другую пазіцыю, і на чатырнаццаць Палоў, які апусціўся на трэцюю. Гоншчык Team Penske Уіл Паўэр лідзіраваў пасля папярэдняга этапу ў тым жа Індыянапалісе, але ў 500-мільнай гонцы фінішаваў толькі пятнаццатым і апусціўся на чацвёртую пазіцыю ў агульным заліку, дзе ў яго 202 ачкі.
Наступны этап серыі IndyCar пройдзе ўжо ў гэтыя выхадныя на 2,35-мільнай (3,78-кіламетровай) гарадской трасе ў Дэтройце.