Два тытулы за раз. Серыя GT World Challenge Europe вызначыла сваіх чэмпіёнаў у Валенсіі
Фота: gt-world-challenge-europe.com
Шарлю Віртсу і Дрысу Вантору не ўдалася абараніць тытул сярод гоншчыкаў у абсалюце серыі GT World Challenge Europe, яго аднаасобным уладальнікам цяпер з’яўляецца Рафаэле Марчэла. Затое бельгійцы сталі лепшымі ў Кубку Sprint і яскрава перамаглі ў адной з гонак у Валенсіі.
Найперш трэба павіншаваць Украіну з тым, што яна вызваліла з расійска-фашысцкага палону больш за дзве сотні сваіх герояў, сярод якіх ёсць і адзін беларус. Будзем спадзявацца, што гэта толькі першая з падобных добрых навін, і хутка ўсе героі вернуцца дадому. Таксама зычым Узброеным сілам Украіны поспеху на фронце, каб акупантам весялей было праводзіць свае «рэферэндумы».
Кожны сумленны беларус зычыць украінцам хутчэйшых перамогі і вызвалення. Іх поспех дапаможа і нам, што тутэйшы калгасны дыктатар разумее. У тым ліку па гэтай прычыне ён набірае закладнікаў, каб потым выгандляваць сабе міласць. Але вінаваты ён цяпер перад двума народамі, і дараваць яму, як і яго расійскаму гаспадару, ніхто нічога не збіраецца. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!
Триває системна бойова робота зі знищення російських окупантів.#ВІРЮвЗСУ pic.twitter.com/KhmEcIbHaW
— Генеральний штаб ЗСУ (@GeneralStaffUA) 22 сентября 2022 г.
Праз злачынствы сваёй дзяржавы расійскі гоншчык Цімур Багуслаўскі, які выступае за каманду Akkodis ASP Team у серыі GT World Challenge Europe, вымушаны рабіць гэта пад нейтральным сцягам. Хаця і расійскі наўрад ці дапамог бы яму і яго калегу па восемдзесят дзявятым экіпажы Рафаэле Марчэла на этапе ў Валенсіі ў мінулы ўік-энд.
Суботняя кваліфікацыя для Багуслаўскага не задалася, і стартавалі яны з Марчэла толькі дзевятнаццатымі. Аднак у гонцы здолелі прарвацца на сёмае месца, тады як Шарль Віртс і Дрыс Вантор адносна старту адну пазіцыю згубілі. Бельгійцы з трыццаць другога экіпажа Team WRT пачыналі гонку другімі, але іх канкурэнты з адзінаццатага экіпажа Tresor by Car Collection Сімон Гашэ і Крыстафер Хаасэ, якія стартавалі трэцімі, дзякуючы болей ранняму і вельмі хуткаму піт-стопу здолелі выйсці наперад і занялі другое месца.
Ну а перамаглі, пралідзіраваўшы ад старту да фінішу, уладальнікі поўлу – пяцьдзесят трэці экіпаж AF Corse у складзе Уліса дэ Паў і П’ера Александра Жана. Прадстаўнікам заліку Silver Cup не перашкодзіла ні нейтралізацыя гонкі праз аварыю пяцьдзесят чацвёртага Porsche 911 GT3-R каманды Dinamic Motorsport, ні канкурэнты. Хаця Audi R8 LMS Evo II GT3 Гашэ і Хаасэ на апошніх кругах быў блізка ад іх Ferrari 488 GT3, і перамаглі яны з перавагай усяго ў 0,587 секунды.
Паўтарыць дасягненне ў нядзелю ў дэ Паў і Жана не атрымалася – у кваліфікацыі яны паказалі толькі восьмы вынік. Поўл жа выйграў Марчэла, аднак надворныя ўмовы ў гонцы адрозніваліся – яна пачыналася на мокрай пасля дажджу трасе, і менавіта гэты фактар абумовіў яе ход.
Віртс з Ванторам, якім і трэцяга месца ў суботу хапіла для перамогі ў Кубку Sprint, стартавалі ізноў другімі, і доўгі час пра перамогу нават не падумвалі. Насупраць, Вантор на першым кругу страціў пару пазіцый, прапусціўшы ў тым ліку канкурэнта з дваццаць пятага экіпажа Sainteloc Junior Team Патрыка Нідэрхаўзэра, які выступае разам з Арэльенам Панісам.
Хутка Дрыс, праўда, вярнуўся ў першую тройку, але атакаваць Нідэрхаўзэра магчымым не прадстаўлялася. А Марчэла, які на сваім Mercedes-AMG GT3, дык тым больш – швейцарац быў хуткім на сваім адрэзку, і калі перадаў стырно Багуслаўскаму, той таксама вярнуўся лідарам, а яго адрыў ад ужо Паніса складаў 25 секунд.
Аднак менавіта піт-стопы ўсё і вырашылі. Траса падсыхала, што паставіла каманды перад няпростым выбарам – застацца на дажджавых шынах або перайсці на слікі. У Akkodis ASP Team і ў Sainteloc Junior Team вырашылі не рызыкаваць, і засталіся на дажджавых, а вось у Team WRT на трыццаць другую машыну паставілі якраз слікі.
Гэтае рашэнне многім спачатку падалося дзіўным, бо хуткасці гэта Audi Вантора і Віртса не прыбавіла. Шарль спачатку толькі губляў пазіцыі, адкаціўшыся ў пэўны момант на шостую. Аднак за дзесяць хвілін да сканчэння часу гонкі слікі запрацавалі, ды так, што Віртс быў самым хуткім на трасе, што дазволіла яму аператыўна вярнуцца ў першую тройку ізноў.
That final lap in full. Wooooow.
🇬🇧 https://t.co/ccymclytMI 🇩🇪 https://t.co/8sgPZcQxYa
🇫🇷 https://t.co/DBbNoRP9yR 🇮🇹 https://t.co/QEaWiMHqu5#GTWorldChEu 🏁 #FanatecGT pic.twitter.com/Hni8xqsNBs— Fanatec GT World Challenge Europe (@GTWorldChEu) 18 сентября 2022 г.
Другім па хуткасці быў Паніс, які ў сваю чаргу хутка скарачаў адставанне ад Багуслаўскага, хаця шыны ў іх былі аднолькавыя. І на апошніх хвілінах паміж французам і расіянінам развярнулася вельмі напружаная дуэль, якая на апошнім кругу быць дуэллю перастала. Віртс аднаго за адным абагнаў спачатку Паніса, а потым і Багуслаўскага, і атрымаў перамогу. Цімур жа не стрымаў і Арэльена, задаволіўшыся з Марчэла трэцім месцам.
Зрэшты, Рафаэле яшчэ па выніках кваліфікацыі стаў чэмпіёнам серыі GT World Challenge Europe сярод гоншчыкаў. Па выніках жа ўсяго этапу ў Валенсіі ў яго стала 190,5 ачка. Вантор і Віртс, у якіх 162,5 ачка, на другой пазіцыі, Жуль Гунон са 120,5 бала замыкае першую тройку. Akkodis ASP Team лідзіруюць у камандным заліку, маючы 223,5 ачка, Team WRT з 207,5 ачка на другой пазіцыі, Tresor by Car Collection, у якіх 101,5 бала, на трэцяй.
Наступны этап серыі GT World Challenge Europe стане фінальным у гэтым сезоне. Ён пройдзе ў фармаце Endurance 30 верасня – 2 кастрычніка таксама ў Іспаніі, але ўжо ў Барселоне. Ужо апублікаваны і каляндар на 2023 год. Самым значным адрозненнем у параўнанні з гэтым сезонам стаў перанос гонкі 24 гадзіны Спа-Франкаршам з канца ліпеня на пачатак. Будзем спадзявацца, на яе відовішчнасць гэта паўплывае найлепшым чынам.