Журналіст-эмігрант дэбютаваў за каманду з роднага Гродна 1930-х гадоў – гэта магчыма дзякуючы польскім футбольным рэканструктарам (захоўваюць кожную дробязь)

0 7

28 траўня ў Беластоку адбыўся матч польскага рэтра-чэмпіянату: ВКС Гродна прыехаў да мясцовага ВКС 42-га пяхотнага палка. Негледзячы на тое, што гульня скончылася нулявой нічыёй, цікавасцяў і сiмвалічных момантаў у сустрэчы хапала. Па-першае, апошні раз каманды з такiмi назвамi гулялі паміж сабой ажно ў 1938-м. Па-другое, у складзе «ваеннага клуба спартовага», прыпiсанага да Гродна, дэбютаваў першы рэальны гарадзенец – Руслан Кулевіч, краязнаўца, спартовы i не толькi журналiст і заснавальнік медыяпраекта MOST.

Што за польская «рэтра-ліга» гэткая?

Спаборніцтвы праводзіцца ў Польшчы з 2019-га года – адкрыццё лігі было прысвечана 100-годдзю ўтварэння Польскага футбольнага саюза. Ідэя турніра вельмі простая – гiстарычная рэканструкцыя: гуляюць па правілах і з выкарыстаннем абсталявання, дзейсных у футболе даваенных часоў (у тым ліку буцы і форма). Усе каманды, якiя прадстаўляюць рэканструктары, зніклi да 1939-га года (гэта таксама правiла), але прадстаўлялi i тыz гарады, якія ўваходзілі ў склад Польшчы толькi да 1939 года (Гродна, Львоў, Вільня).

У дэбютным сезоне ў спаборніцтвах удзельнічалі 5 камандаў: львоўская «Лехія», ВКС Гродна, ВКС 37-га пяхотнага палка Кутно, ВКС 10-га пяхотнага палка Ловіча ды «Сміглы» з Вільнi. Пераможцам турніра ў выніку стала «Лехія», набраўшы 14 ачкоў з 8 матчаў. Дарэчы, інфармацыю пра кожную з камандаў можна адшукаць на сайце Лігі

А што за ВКС Гродна?

Пасля Першай сусветнай вайны ў Гродна адбыўся сапраўдны футбольны бум. У 1920 годзе быў створаны клуб 3-га пяхотнага палка легіёнаў «Тшэцяк», яшчэ праз год – каманды «Крэсовія» і ВКС 76-га пяхотнага палка. Менавіта гэтыя две каманды ў 1934 годзе і аб’ядналіся ў адзін клуб – ВКС Гродна. 

Футбалісты ВКС 76-га пяхотнага палка выступалі ў зялёна-чырвонай форме, таму новаўтвораны клуб гуляў у такіх жа колерах.

Журналіст-эмігрант дэбютаваў за каманду з роднага Гродна 1930-х гадоў – гэта магчыма дзякуючы польскім футбольным рэканструктарам (захоўваюць кожную дробязь)

Каманда WKS Grodna ў 1930-я гады

Даволі хутка гарадзенскі ВКС стаў лідарам Беластоцкага ваяводства – у міжваенны перыяд каманда заваявала 8 з 11 магчымых тытулаў чэмпіёна акругі. Акрамя таго, за клуб гулялі знакамітыя на той час футбалісты – Адам Халішка (гулец зборнай Польшы), браты-гарадзенцы Адамчыкі і Мельнікавы.

Знік клуб у 1939-м годзе – многія футбалісты пайшлі на вайну і не вярнуліся, а некаторыя з тых, хто ацалеў, працягнулi гуляць у футбол пры савецкай уладзе ў іншых камндах.

У спаборніцтвах рэканструктараў ВКС Гродна дэманструе добрыя вынікі – першы сезон (2019) скончылі на другім радку (10 ачкоў у 8 гульнях), другі сезон, які праходзіў па фармаце плэй-оф, таксама скончыўся другім месцам на п’едэстале.

У бягучым сезоне ВКС Гродна пасля чатырох матчаў займае 3-е месца ў табліцы чэмпіяната.

Кулевіч зрабiў фiльм пра гарадзенскi спорт i засвяцiўся у вiдэа Дудзя

Да 2020 года Руслан Кулевіч быў супрацоўнікам гарадзенскага партала Hrodna.life. Пiсаў на розныя тэмы, у тым лiку i рэпартажы са спартовых падзей, але ж улюбёная тэма – гiсторыя. Так што пра ВКС Гродна ён ведае шмат – нават зрабiў невялiкi дакфiльм пра гарадзенскiя каманды мiжваенных часоў, якi транслявалi па дзяржТБ.

Увечары 11 жніўня Кулевіч, якi асвятляў пратэсты ў Гродна, быў збіты сілавікамі. У лякарні былі зафіксаваныя закрытая лёгкая ЧМТ, пераломы костак рук ды іншыя траўмы. Неўзабаве Кулевiчу давялося з’ехаць з Беларусі – спачатку ў Латвію, а потым ў Польшчу.

Журналіст-эмігрант дэбютаваў за каманду з роднага Гродна 1930-х гадоў – гэта магчыма дзякуючы польскім футбольным рэканструктарам (захоўваюць кожную дробязь)

Кулевіч пасля затрымання ў Гродна

Ужо ў Польшчы, у красавіку 2021-га, Кулевіч запусціў уласны праект – серыю інтэрв’ю з беларускімі ўцекачамі ад палітычнага пераследу «Мы вернемся» – а на пачатку 2022-га заснаваў інфармацыйны сайт MOST (у красавіку гэтага году прызнаны рэжымам Лукашэнкі экстрэмісцкім). «Мы хочам быць мостам паміж Польшчай і Беларуссю», – казаў аб праекце Кулевіч у інтэрв’ю Hrodna.life

Таксама вы маглі ўбачыць Кулевіча ў відэа Юрыя Дудзя, якое было прысвечана беларусам у эміграцыі, – «Як жыць, калі пазбаўляюць Радзімы». Досыць прадказальна і гэты ролік быў прызнаны рэжымам экстрэмісцкім.

Што тычыцца футбольнага дэбюту, Кулевіч адгуляў на правым краі паўабароны, нават меў адзін добры момант, каб адзначыцца. Свой першы матч журналіст пракаментаваў наступным чынам:

– Я рады дэбютаваць за ВКС Гродна, для мяне гэта вялікая падзея. Калісьці ў Гродне планаваў адрадзіць гэтую каманду, але не атрымалася. Рады, што гэта зрабілі ў Польшчы аматары гісторыі. Усё на вышэйшым узроўні, усё так, як расказвалі мае героі кніг – гарадзенскія старажылы.

Журналіст-эмігрант дэбютаваў за каманду з роднага Гродна 1930-х гадоў – гэта магчыма дзякуючы польскім футбольным рэканструктарам (захоўваюць кожную дробязь)

Кулевіч паабяцаў, што пасля вяртання ў Беларусь перадасць у гарадзенскі музей футболу гульнявую форму ВКС Гродна, якая адпавядае аўтэнтычнаму варыянту з 1930-х. Таксама журналіст працягвае збіраць інфармацыю пра даваенны футбол у Гродна і ў будучыні плануе напісаць пра яго кнігу.

Фота: MOST, hrodna.life

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.