Можа, Азаранка таксама ў акупацыі? Калі адкінуць яе фанабэрыю, на гэта ўказваюць пэўныя прыкметы

0 3

Алег Гаруновіч – пра талент тэнісісткі ў абмен на дапамогу атрымліваць хейт.

Можа, Азаранка таксама ў акупацыі? Калі адкінуць яе фанабэрыю, на гэта ўказваюць пэўныя прыкметы

Калі Вікторыя Азаранка толькі ўваходзіла ў сусветны тур, то Марыя Шарапава, усяго на два гады старэйшая, была ўжо сапраўднай зоркай і мела паміж калег не самую лепшую рэпутацыю. Рэпутацыю халоднай рускай прыгажуні, якая магла прайсці міма суперніцы і не павітацца з ёй у падтрыбунцы. Сярод тых, хто казаў пра няпросты характар Шарапавай, была і сама беларуска. Спартоўкі, відавочна, раней былі не ў захапленні адна ад адной.

Іранічна, але і сама Азаранка, як выявілася з часам, чалавек досыць складаны – прычым не толькі для журналістаў, але і для калег, і для часткі аўдыторыі. Магчыма, тое даніна зорнаму статусу, які не дазваляе ў поўнай меры паводзіць сябе проста і зразумела нават па такіх адназначных тэмах, як вайна ва Украіне або гвалт і беззаконне на Радзіме.

Яна магла б дапамагаць дзецям Данбаса і знявечаным вызваліцелям рускага свету, але – дапамагае ўкраінцам. У прынцыпе, з гэтага ўжо ўсё зразумела. Азаранка дакладна не людажэрка, як Недасекаў. І дакладна не засяроджаная на сабе пустышка, як Сабаленка. Але тут мы назіраем досыць дзіўны талент Вікторыі, а магчыма – і яе праклён: рабіць дабро – і пры гэтым несці рэпутацыйныя страты.

Калі верыць экс-першай ракетцы свету (а яе словы ніхто не зняпраўджваў), яна дапамагала маладым украінскім тэнісістам. Каму, якім чынам – незразумела, але дапамагала. І за гэта яе не пусцілі на «Уімблдон», не далі канадскую візу, выставілі з дабрачыннага матча ў апошні момант, зняважліва адмовіліся ціснуць руку пасля гульні. Такі вось нетыповы бартэр.

Азаранка клапоціцца пра ўкраінцаў і пра гэта не расказвае – дзіўныя паводзіны для члена савета гульцоў WTA. Замест таго, каб быць узорам для калег і заўзятараў у добрай справе, замест таго, каб натхняць людзей на лепшыя ўчынкі, беларуска аддае перавагу заставацца інкогніта. Яна не хоча гаварыць пра сваю дабрыню.

Магчыма, таму, што проста не ўмее гаварыць?

Не, з моўным апаратам у тэнісісткі поўны парадак. І мовамі – што рускай, што англійскай (пра беларускую сказаць цяжка) – валодае на прыстойным узроўні. І начытанасць прысутнічае, натуральна, – не можа не быць начытаным чалавек, які ледзьве не штодзень радуе падпісчыкаў у сацыяльных сетках матывацыйнымі афарызмамі. Хаця, магчыма, сутнасць праблемы і праяўляецца як раз у гэтым.

За правільнымі словамі («гвалт ніколі не можа быць апраўданы»), за мудрымі словамі («ніколі не ўспрымай як належнае добрыя жэсты») адчуваецца адсутнасць чагосьці больш простага, але разам з тым і больш важнага. Быццам публіцы агучваюцца лозунгі, якія не маюць ні дачынення да канкрэтнай сітуацыі ва Украіне, ні дачынення да чалавека, які гэтыя лозунгі кажа. Гэта такі мікс з Капітана Відавочнасці і барацьбы за мір ва ўсім свеце. Вікторыя любіць казаць, наколькі важна ў сённяшніх абставінах быць эмпатычнай, але ж як раз у яе словах і не адчуваецца ніякай эмпатыі.

Азаранка называе сябе прамым чалавекам. Праўда, гэтую прамату немагчыма адчуць за нагрувашчваннем абстрактных канструкцый. Ведаеце, як нармальныя беларусы сёння могуць пазнаць адзін аднаго? Дастаткова спытаць: як вам жывецца? І калі пасля ўважліва-вывучальнага позірку пачуеце: «Ды трындзец нейкі адбываецца!» – то не сумнявайцеся: перад вамі сапраўды нармальны беларус.

Як думаеце, колькі разоў Азаранка дала волю эмоцыям за паўгода, што ідзе вайна? Колькі разоў сказала ад сэрца, што не разумее Пуціна і Расію, што абураная паводзінамі Лукашэнкі, якога так добра ведае і ад якога наўрад ці чакала «насильственного разделения, которое происходит сейчас между беларусами и украинцами»?

Ні разу яна нічога такога не сказала.

Вікторыя проста ведае, што зло – гэта дрэнна, а ў свеце павінна правіць любоў. Цяжка зразумець, яна сапраўды на баку дабра або толькі змушана робіць правільныя рэчы, каб адпавядаць заходнім стандартам. Здаецца, некаторыя ўкраінскія калегі не да канца давяраюць Азаранка. У беларусаў пасля жніўня-2020 таксама хапае падстаў, каб сумнявацца, хаця тэнісістка і выступіла супраць гвалту. Але і тады ў яе не было асаблівых прэтэнзій да асоб, якія запусцілі гвалт.

Спартоўка пра сваю вадзяністасць у вострых пытаннях кажа, што не гуляе ў палітычныя гульні. Быццам і не было выставачнага матча з Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы спорту. Быццам не было спантаннага жадання сустрэцца з ім, каб пагаманіць – і гэтую сустрэчу, якая доўжылася шэсць гадзін (мама спужалася, што Вікторыю скралі), атрымалася зладзіць у той жа дзень дзякуючы ўсяго толькі аднаму званку. Ну канешне ж, тое была не палітыка, тое былі не палітычныя гульні.

А ці не набірала Азаранка «магічны» нумар, калі ў яе родным Мінску збівалі і забівалі беларусаў? Раптам таксама спрацавала б без усякіх палітычных гульняў. А абстрэлы Украіны так можна спыніць?

Пра беларусаў часам кажуць, што мы жывём у акупацыі – акупаваныя ці то Лукашэнкам, ці то Лукашэнкам разам з Расіяй. Такое адчуванне, што і Азаранка ад беларусаў мала чым адрозніваецца, хоць і атабарылася за тысячы кіламетраў ад нас. Яна таксама быццам бы пад акупацыяй. Адсюль і расплыўчатасць у словах, і адсутнасць лагічных высноў. Цікава, хто ж у Вікторыі ў закладніках – можа, брат, як у Домрачавай (так, у тэнісісткі ёсць брат і іншыя сваякі)? Можа, маёмасць страшна губляць (каму ж не страшна)? А можа, і папачка побач з глебавай стаіць, у якую страшна зазірнуць?..

Забаўна, але і ў акупацыі праскоквае азаранкаўская пыха (помніце ж, за што крытыкавалі Шарапаву?). Толькі ўявіце: Вікторыі шкада, што ў яе крытыка, украінскай тэнісісткі Марты Касцюк, няма чалавека, які накіроўваў бы тую ў цяперашнія цяжкія часы. Быццам бы паводзіны самой Вікторыі з’яўляюцца бездакорнымі, а яна сама – бясспрэчны маральны аўтарытэт.

Тым не менш зафіксуем: пры ўсёй фанабэрыі, пры вельмі асцярожнай рыторыцы Азаранка ўсё ж дапамагае, нешта робіць, няхай і прыхавана, асцярожна, непублічна, для тых, за каго перажывае.

Можа, гэта і не найгоршая мадэль паводзінаў для тых, хто адчувае сябе ў акупацыі?

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.