Працяг трайной дуэлі. На трасе Мотарлэнд Арагон у іспанскім Альканісе свой новы сезон распачаў сусветны Супербайк

0 24

Фота: worldsbk.com

ГОНКІ ПРАХОДЗІЛІ 9-10 КРАСАВІКА. ПРАЗ ТЭХНІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ, ШТО ЎЗНІКЛІ ПА ПРЫЧЫНЕ, ЯКАЯ АД АЎТАРА НЕ ЗАЛЕЖАЛА, АРТЫКУЛ АПУБЛІКАВАНЫ СА СПАЗНЕННЕМ. ШЧЫРА ВЫБАЧАЮСЯ ПЕРАД ЧЫТАЧАМІ.

Як гэта дуэль можа быць трайной? А вось так: Топрак Разгатліоглу абараняе свой чэмпіёнскі тытул, Джонатан Рэй ідзе ў контрнаступленне, Альвара Баўціста атакуе іх абодвух. Здаецца, наперадзе яшчэ адзін цікавы і непрадказальны сезон чэмпіянату WSBK!

Працяг трайной дуэлі. На трасе Мотарлэнд Арагон у іспанскім Альканісе свой новы сезон распачаў сусветны Супербайк

Ніякія цікавыя гонкі зараз не могуць быць важнейшымі за бяду, у якой апынулася Украіна. Вайна прынесла невымерныя пакуты яе грамадзянам і паставіла пад пагрозу існаванне чалавецтва ўвогуле. Рускі фашызм не змірыўся з тым, што ўкраінцы вольныя і незалежныя, і вырашыў іх за гэта пакараць.

Але спроба скарыць вольных людзей, ды яшчэ пры дапамозе жабракоў і рабоў, правалілася. Звар’яцелы вораг, асэнсаваўшы сваю бездапаможнасць, пачаў здзекавацца з мірных украінцаў, старых і малых, забіваць і гвалціць іх. І гэта ўсё, на што аказалася здатнай другая ў свеце армія. Украінскі народ пачаў гнаць яе са сваёй зямлі ў тым жа кірунку, што і рускі ваенны карабель.

Разам з украінцамі іх радзіму вызваляюць і беларусы, і гэта важна, таму што ад акупацыі потым трэба будзе вызваляць і нашу зямлю. На яе пакуль не прыйшла вайна, але пагроза гэтага зусім не віртуальная. У двух фашысцкіх дыктатарскіх рэжымаў не засталося іншых спосабаў, каб паспрабаваць уратавацца. Таму я зычу хутчэйшай перамогі нашым суседзям і сябрам. За вашу і нашу свабоду! Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Зычу нам усім вяртання часоў, калі перажываць нам прыходзілася хіба што за спартсменаў, за якіх мы заўзеем. Напрыклад, за гоншчыкаў сусветнага Супербайка ў мінулым годзе. Бойка паміж Топракам Разгатліогу і Джонатанам Рэем, адпаведна, гоншчыкамі завадскіх каманд Pata Yamaha with Brixx WorldSBK і Kawasaki Racing Team WorldSBK, якая скончылася заваяваннем туркам чэмпіёнскага тытулу, працягвалася ўвесь сезон, і цяпер разварочваецца ізноў.

Пытаўся ўмяшацца ў іх спаборніцтва і прадстаўнік Aruba.it Racing-Ducati Скот Рэдзінг, але ён у гэтым годзе перайшоў у BMW Motorrad WorldSBK Team. Затое ў італьянскі калектыў вярнуўся Альвара Баўціста, які ў 2019 годзе там ужо паспрабаваў стаць чэмпіёнам. Іспанец дамініраваў усю першую палову сезону, але потым саступіў ініцыятыву Рэю, які і перамог у чарговы раз.

Працяг трайной дуэлі. На трасе Мотарлэнд Арагон у іспанскім Альканісе свой новы сезон распачаў сусветны Супербайк

І вось цяпер Альвара ўзяўся за выпраўленне сваіх старых памылак. У кваліфікацыі першага этапу ў Альканісе на сваёй радзіме ён з ходу паказаў другі рэзультат, 0,006 секунды адстаўшы ад Разгатліоглу. Пазітыўны момант быў яшчэ і ў тым, што і Рэй быў побач – на трэцяй пазіцыі. Таму цікава мусіла быць ужо ў першай гонцы ўік-энду.

І было! Напружаная барацьба за лідарства пачалася адразу пасля старту, калі Баўціста атакаваў Разгатліоглу. Топрак адбіўся, але затым прапусціў наперад абодвух супернікаў. Хаця пазіцыямі яны абменьваліся па ходу гонкі шмат разоў. Праўда, Баўціста з Рэем былі хутчэй, і ў асноўным за перамогу спрачаліся яны. Цягам некалькіх кругоў лідзіраваў іспанец, але ў пачатку дзясятага кругу прапусціў у першым павароце брытанца.

Напружаная бойка працягвалася да самага фінішу, але Джонатан утрымаў першую пазіцыю і пачаў новы сезон з перамогі. Баўціста, зрэшты, саступіў яму ўсяго 0,090 секунды, заняўшы другое месца. Разгатліоглу ж адстаў ад іх амаль на пяць з паловай секунд. Выглядала так, што на трасе Мотарлэнд Арагон яму хуткасці не хапала, што пацвердзілася і ў ранішнім нядзельным суперпоўл-спрынце.

Там Баўціста ізноў паспрабаваў захапіць лідарства на старце, і на гэты раз паспяхова. Ён атрымаў першую перамогу за два гады і 181 дзень і сямнаццатую ў сваёй кар’еры. Разгатліоглу прапусціў і Рэя, але ўгнацца за Альвара ў таго ўжо не атрымалася, і ён адстаў болей чым на пяць секунд. Турак ізноў фінішаваў трэцім, ужо ў шасці секундах ад перамогі.

У фінальным заездзе ўік-энду ў барацьбу за першыя пазіцыі паспрабаваў уключыцца і напарнік Баўцісты Міхаэль Рубэн Рынальдзі. Ён адцягнуў на сябе ўвагу Рэя на старце, вымусіўшы таго адбівацца яшчэ і ад Разгатліоглу. І хоць на адзінаццатым кругу італьянец памыліўся, прапусціўшы брытанца з туркам, камандзе ён дапамог.

Рэй яго намаганнямі на некаторы час апынуўся за спінай у Разгатліоглу, але на шостым кругу апярэдзіў яго, вярнуўшыся на другую пазіцыю і фінішаваўшы на ёй. Разгатліоглу ж вымушаны быў адбівацца ад Рынальдзі, але ўстаяў, заняўшы трэцяе месца.

Баўціста ж перамог, узначаліўшы асабісты залік чэмпіянату з 57 ачкамі. Аднак Рэй, займаючы другую пазіцыю, адстае ад яго ўсяго на тры балы. Разгатліоглу, які зараз трэці, адстае даволі значна – у яго 39 ачкоў. Роўна столькі ж, колькі і іх гоншчыкі, маюць у заліку вытворцаў Ducati, Kawasaki і Yamaha, займаючы тыя ж пазіцыі, адпаведна.

Працяг трайной дуэлі. На трасе Мотарлэнд Арагон у іспанскім Альканісе свой новы сезон распачаў сусветны Супербайк

Рэдзінг на новым месцы зарабіў усяго адзін бал, фінішаваўшы пятнаццатым у суботняй гонцы. У нядзельным ранішнім спрынце ён апынуўся за межамі ачковай зоны, заняўшы дванаццатае месца, а ў другой гонцы наогул не дабраўся да фінішу. Так што пажадаем яму поспеху на наступным этапе, які пройдзе 22-24 красавіка ў нідэрландскім Асэне.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.