Прарыў і перамога О’Ворда і халодны душ для Ньюгардэна. Этап серыі IndyCar у Алабаме быў багатым на сенсацыі

0 11

Фота: indycar.com

Сюжэт Гран Пры Алабамы моцна адрозніваўся ад сюжэтаў трох папярэдніх этапаў новага сезона IndyCar. Прычым нечаканасці пачаліся з самай кваліфікацыі, у якой Джозэф Ньюгардэн паказаў толькі сёмы рэзультат. Гонка склалася для пілота Team Penske не меней цікавым чынам.

Прарыў і перамога О’Ворда і халодны душ для Ньюгардэна. Этап серыі IndyCar у Алабаме быў багатым на сенсацыі

Тым часам ва Украіне працягваецца трагедыя. Расійскі дыктатар і не думае спыняць сваю агрэсію супраць народа, які абраў свабоду і незалежнасць ад яго імперыі. Украінцы плацяць за свой выбар высокі кошт, але яны разумеюць, за што змагаюцца і што абараняюць. Барацьбу сваю яны дакладна не спыняць, і зусім не толькі праз пагрозу іх існаванню.

Узброенае ўварванне расійскіх фашыстаў на тэрыторыю Украіны для саміх агрэсараў абярнулася неверагоднымі сорамам і ганьбай. Усё, што ў іх атрымліваецца – гэта ваенныя злачынствы і гвалт над безабароннымі. Свайму ж галоўнаму прызначэнню другая армія ў свеце не адпавядае, што стала зразумела яшчэ ў першыя дні вайны.

Самае ж важнае, што супраць ворага паўстала не толькі ўкраінская армія, а ўвесь украінскі народ. Таму яго перамога запраграмаваная, і была б непазбежная і без замежнай дапамогі. Але перамога гэта вельмі важная, і разам з украінцамі я шчыра ўдзячны ўсім дзяржавам, што яе аказваюць. Украіне патрэбна любая зброя, яна дапаможа ёй хутчэй вызваліцца ад ворага і абараніць цэлы свет.

Беларусы працягнуць дапамагаць украінцам усім, чым змогуць. «Гоначная псіхапатыя» таксама не перастане падтрымліваць нашых сяброў і суседзяў да самай іх перамогі хаця б маральна, але абавязкова паспрабуе прыдумаць і што-небудзь яшчэ. Пакуль жа гэты блог у чарговы раз дзякуе Батальёну Кастуся Каліноўскага і іншым нашым суайчыннікам, якія абараняюць украінцаў са зброяй у руках. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У сваёй вайне перамагчы можа толькі Украіна, а вось у гонках, асабіста ў гэтым сезоне, пераможцаў бывае шмат. І Гран Пры Алабамы, які стаў чацвёртым этапам серыі IndyCar і прайшоў у мінулы ўік-энд у чарговы раз гэта прадэманстраваў. Што ўсё будзе не так, як было ў Сэнт-Пітэрсрегу, Форт-Уэрце і Лонг-Біч, стала зразумела ўжо ў кваліфікацыі, калі Джозэф Ньюгардэн раптам паказаў толькі сёмы вынік.

У прынцыпе, бывае ўсякае, і ў гонцы ён меў шанцы адыграцца. Для гэтага каманда абрала для яго тактыку трох піт-стопаў, але… Прарвацца на старце не атрымалася, амерыканец нават страціў пару пазіцый. Дый потым хуткасцю не бліскаў, выйшаўшы на першую пазіцыю толькі падчас чарговай хвалі піт-стопаў супернікаў, каб затым ізноў адкаціцца назад. Фінішаваў цяпер ужо былы лідар чэмпіянату толькі чатырнаццатым.

Прарыў і перамога О’Ворда і халодны душ для Ньюгардэна. Этап серыі IndyCar у Алабаме быў багатым на сенсацыі

Героем кваліфікацыі стаў нідэрландскі гоншчык каманды Ed Carpenter Racing Рынус ван Калмтхут, якога амерыканцы для ўласнай выгоды завуць ВіКей. Ён і ў гонцы быў хуткім, пралідзіраваўшы да другога піт-стопа на шэсцьдзесят другім кругу. У боксы ён звярнуў разам са сваім галоўным на той момант пераследнікам – мексіканцам Патрысіа О’Вордам, якога ў IndyCar клічуць проста Пата, які выступае за каманду Arrow McLaren SP і які ў Бірмінгеме, дзе Гран Пры Алабамы і праходзіў, стартаваў другім.

Тып шын Рынус і Пата атрымалі аднолькавы – свежы Primary, пераабуванне прайшло без эксцэсаў і ВіКей паспеў вярнуцца на трасу акурат перад носам О’Ворда. Але мексіканец абагнаў суперніка ўжо ў шпільцы пятага паварота, каб захаваць лідарства да самага фінішу і атрымаць трэцюю ў сваёй індзікараўскай кар’еры перамогу. А вось тэмп ВіКея некуды падзяваўся, і ён хутка прапусціў яшчэ і іспанца Алекса Палоў з каманды Chip Ganassi Racing і фінішаваў толькі трэцім.

Палоў жа стаў новым лідарам чэмпіянату, у яго 144 ачкі. Усяго тры яму саступае новазеландскі напарнік Ньюгардэна Скот МакЛафлін, які ў Бірмінгеме фінішаваў шостым, а ў чэмпіянаце захаваў другую пазіцыю. Сам жа Джозэф апусціўся на трэці радок, ён мае 135 ачкоў, на адно апярэджваючы яшчэ аднаго прадстаўніка калектыву Penske, аўстралійца Уіла Паўэра, які на Гран Пры Алабамы заняў чацвёртае месца. Следам размясціўся О'Ворд, у якога 114 балаў.

Прарыў і перамога О’Ворда і халодны душ для Ньюгардэна. Этап серыі IndyCar у Алабаме быў багатым на сенсацыі

Наступны этап серыі IndyCar пройдзе 13-14 мая на трасе Indianapolis Motor Speedway. Але не на яе авальнай канфігурацыі, а на той 3,9-кіламетровай (2,439-мільнай) з чатырнаццаццю паваротамі, якая некалі даўно прымала Гран Пры ЗША Формулы 1.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.