Правал і подзвіг Маркеса, вырваная перамога Басціаніні і падтрымка Украіны на Гран Пры Амерык

0 7

Фота: motogp.com

Вось у такім выглядзе мы і любім MotoGP! Тут і так пераможца рэдка вызначаецца ў кваліфікацыі, а гонка ў тэхаскім Осціне амаль да апошняга не давала адказу, хто падымецца на вяршыню подыуму па яе выніках. Сярод прэтэндэнтаў мог бы быць нават Марк Маркес, але… Але аб усім па парадку!

Правал і подзвіг Маркеса, вырваная перамога Басціаніні і падтрымка Украіны на Гран Пры Амерык

Украіна і гераізм яе грамадзян у барацьбе супраць агрэсараў з усходу застаюцца галоўнай тэмай ва ўсім свеце і на «Гоначнай псіхапатыі», і як мінімум да самага канца вайны менавіта з яе будзе пачынацца кожны артыкул тут. Нічога важнейшага за пакуты, праз якія зараз праходзіць украінскі народ, няма і не можа быць. Нічога больш натхняльнага і захапляльнага, чым устойлівасць і мужнасць абаронцаў Украіны, у свеце зараз не існуе.

Гора, што рускі фашызм прынёс на ўкраінскую зямлю, немагчыма параўнаць ні з чым. Цяжкасць злачынстваў тых, хто служыць у другой у свеце арміі, беспрэцэдэнтная. Свет абавязаны дапамагаць Украіне ўсім, чым магчыма. Яна мусіць атрымліваць любую зброю, якую Захад можа падаць зараз. Ёй неабходная любая гуманітарная падтрымка. Тыя на Захадзе, хто працягвае падтрымліваць расійскага дыктатара і забойцу, павінны панесці адказнасць як яго паслугачы, а членства іх краін у міжнародных арганізацыях мусіць быць прыпыненае.

А яшчэ мусіць быць перафарматаваная ўся сістэма міжнародных зносін. Сітуацыя, калі ў Радзе бяспецы ААН сядзіць і мае права-вета краіна-агрэсар, недарэчная і ганебная. Свет мусіць мець эфектыўныя механізмы супрацьстаяння дыктатарам, якія здзекуюцца са сваіх народаў і суседніх, у тым ліку механізмы ваенныя. Ганебна і тое, што ў крытычны момант свет хаваецца за Украінай, ухіляючыся ад рашучых дзеянняў.

Таму я не перастану зычыць украінцам сіл і хутчэйшай перамогі. Яшчэ ніколі так ясна не было відаць сапраўдных герояў і сапраўдныя святло і дабрыню. Прыемна і важна, што сваю краіну ад ганьбы ратуюць і беларусы, якія дапамагаюць украінцам зараз. Калгасны дыктатар зганьбіў нашу краіну і здрадзіў народу, але сам народ – не агрэсар. Узурпатар сыдзе ў нябыт разам са сваім гаспадаром.  Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Як могуць, падтрымліваюць нашых суседзяў і спартсмены ва ўсім свеце. У тым ліку гоншчыкі MotoGP, якія ў мінулыя выхадныя выступалі на Трасе Амерык у Осціне, штат Тэхас (дарэчы, і Гран Пры гэты быў не адных толькі ЗША, а Амерык). Падтрымка Украіны ў іх атрымалася прыгожай, таму што суправадзілася прыгожым гоначным шоў.

Перадумовы для яго стварыліся ў кваліфікацыі, у якой на гэты раз мацнейшым быў Хорхе Марцін. Наогул, для брэнда Ducati яна атрымалася вельмі пазітыўнай. Хай поўл узяў і прадстаўнік каманды-сатэліту Pramac Racing, завадчане гэтым разам апынуліся побач, на першым стартавым шэрагу – Джэк Мілер саступіў Марціну мікраскапічныя 0,003 секунды і размясціўся на трэцяй пазіцыі, Франчэска Баньяя заняў трэцюю.

Правал і подзвіг Маркеса, вырваная перамога Басціаніні і падтрымка Украіны на Гран Пры Амерык

Чацвёртым пры гэтым стартаваў французскі напарнік Марціна Жоан Зарко, а замкнуў першую пяцёрку былы лідар чэмпіянату і пераможца Гран Пры Катара Энеа Басціаніні з Gresini Racing MotoGP. І толькі на шостай пазіцыі размясціўся дзейсны чэмпіён Фабіа Куартарара з завадской каманды Monster Energy Yamaha MotoGP.

Але нашмат важнейшым было, што ў Осцін усё ж такі прыбыў Марк Маркес. Шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі з завадскога калектыву Repsol Honda Team, у якога, здаецца, не засталося не траўміраваных частак цела, здолеў аднавіць сваё здароўе пасля падзення ў Інданэзіі, і цяпер наважваўся гэта даказаць. Што пачаў рабіць ужо ў кваліфікацыі, дзе паказаў дзявяты вынік. Ну а працягнуў ужо ў нядзелю.

Толькі калі вы думаеце, што іспанец неяк фенаменальна стартаваў, то… Вы маеце рацыю, насамрэч. Бо стартаваў Марк на самой справе фенаменальна. Фенаменальна дрэнна. Праз нейкія механічныя праблемы, магчыма, са скрыняй перадач, ён адкаціўся ў хвост пелатону, і цяпер мусіў даказваць, што ўмее абганяць.

І вось з гэтай задачай Маркес справіўся выдатна. Доўгі час ён быў самым хуткім на трасе, і ў Топ-15, які атрымлівае заліковыя балы, вярнуўся даволі хутка. Зразумела, чым вышэй, тым цяжэй было прарывацца, бо там і гоншчыкі пайшлі далёка не апошнія. Напрыклад, Куартарара, які назіраў за барацьбой наперадзе паміж супернікамі на Ducati і на двух Suzuki – і Алекс Рынс, і Хоан Мір у гонцы традыцыйна выглядалі нядрэнна.

Маркеса ён пэўны час стрымліваў ззаду, але той знайшоў прарэху ў абароне Эль Д’ябла на чатырнаццатым кругу. А на сямнаццатым іспанец і француз на пару пакінулі ззаду Марціна. Першую пазіцыю ён страціў яшчэ на старце, прапусціўшы Мілера, а затым, відаць, сапсаваў шыны, спрабуючы ўгнацца за аўстралійцам і адначасова адбіваючыся ад іншых супернікаў. Паміж якімі на апошніх кругах ішла напружаная і актыўная барацьба, які і паміж Маркесам і Куартарара.

Дзейсны чэмпіён спрабаваў атакаваць былога, але той утрымаўся і фінішаваў шостым. Улічваючы ўсе акалічнасці, гэта выдатны вынік. І вельмі спадзеўны, бо дэманструе, што Марк па-ранейшаму хуткі. Так, два этапы ён прапусціў, але наперадзе яшчэ шмат гонак, і калі Маркес не будзе падаць, ці хаця б будзе без сур’ёзных наступстваў, уключыцца ў чэмпіёнскую гонку ён зможа.

У яе ўжо вярнуўся Басціаніні. Невыразныя гонкі ў Інданэзіі і Аргенціне (адзінаццатае месца ў першым выпадку і дзясятае ў другім) Энеа не падавілі, і на Гран Пры Амерык ён акрыяў. У першую тройку малады італьянец прарваўся ўжо на старце, абагнаўшы Баньяю. Італьянец так нічым і не адказаў, а прапусціў яшчэ і абодвух гоншчыкаў Suzuki, замкнуўшы ў выніку першую пяцёрку.

Басціаніні ж павіс на заднім коле ў Мілера, але ў атаку адразу не палез, адклаўшы яе на апошнія кругі. І на шаснаццатым, за пяць да фінішу, скарыстаўся сліп-стрымам перад дванаццатым паваротам і пакінуў ззаду на сваім Desmosedici GP21 Мілера на яго Desmosedici GP22. Джэк жа не толькі не контратакаваў Энеа, а патрапіў пад атакі з боку Рынса.

Бойка паміж аўстралійцам і іспанцам развярнулася на апошнім дваццатым кругу. Спачатку Алекс атакаваў у сваім любімым адзінаццатым павароце, але Джэк на прамой пасля яго вярнуў сабе другую пазіцыю. Аднак лепшы выхад з васямнаццатага забяспечыў гоншчыку Suzuki болей удалы ўваход па ўнутранай траекторыі ў дзевятнаццаты, што і прынесла яму другое месца. Мілер заняў трэцяе. Рынс, дарэчы, свой круг гонару праехаў з украінскім сцягам. З такімі ж віталі тых, хто фінішаваў, і маршалы трасы ў Осціне.

Ну а Басціаніні стаў першым, хто ў гэтым сезоне MotoGP атрымаў дзве перамогі, а заадно вярнуў сабе лідарства ў чэмпіянаце. Праўда, адназначным фаварытам Энеа не з’яўляецца – у яго 61 ачко, усяго на пяць болей, чым у Рынса, які падняўся на другую пазіцыю. Пераможца аргентынскага Гран Пры Алеш Эспаргара з Апрыліі апусціўся на трэцюю, і адстае ад Басціаніні на дзесяць балаў. У Осціне ён фінішаваў толькі адзінаццатым. Следам за ім з 46 ачкамі размясціўся Мір, а пятым ідзе Куартарара, у якога яшчэ на два ачкі меней.

У заліку каманд Team Suzuki Ecstar нядрэнна так замацавалася на першай пазіцыі – 102 ачкі супраць 70 у Red Bull KTM Factory Racing, чые прадстаўнікі ізноў не бліснулі: Брэд Біндэр фінішаваў дванаццатым, Мігель Алівейра ўвогуле васямнаццатым, не зарабіўшы ачкоў. Таму Aprilia Racing, якая саступае аўстрыйскім канкурэнтам усяго адзін бал, мае шанцы іх апярэдзіць. Дый Gresini, у якой 61 ачко, даволі блізка, хоць пакуль у асноўным спрачаецца з Pramac, якую апярэджвае на два балы.

Правал і подзвіг Маркеса, вырваная перамога Басціаніні і падтрымка Украіны на Гран Пры Амерык

Таму хоць новых герояў, як мы спадзяваліся тыдзень таму, Гран Пры Амерык не выявіў, затое старыя яскрава пра сябе нагадалі. І дакладна пакуль можна сказаць, толькі што чэмпіянат працягнецца праз два тыдні ўжо ў Еўропе – траса Альгарвэ ў Парцімане 22-24 красавіка прыме Гран Пры Партугаліі.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.