Санкцыі ў хакеі – гэта яшчэ і прывітанне тым аптымістам у беларускім спорце, хто думаў, што «гэта не надоўга»

0 1

Расплата за халуйства.

Санкцыі ў хакеі – гэта яшчэ і прывітанне тым аптымістам у беларускім спорце, хто думаў, што «гэта не надоўга»

Хакея на «Трыбуне» у апошнія паўтара года значна паменела, чаму – адказ просты і відавочны. Цяжка ад душы пісаць пра тых, хто дае згоду на гвалт і беззаконне ў дачыненні да суайчыннікаў, якія «вінаватыя» толькі ў тым, што дамагаліся чэсных выбараў і максімальна мірным шляхам выказвалі нязгоду з нахабным махлярствам і з усім жахам, што накрыў краіну апасля.

Супраць вайны ва Украіне з большага актыўна выступалі тыя ж людзі, нягледзячы на рост штрафаў і падаўжэнне адміністрацыйных арыштаў. Ну а што ж хакеісты?

Калі беларускі футбол яшчэ неяк спрабаваў адбіцца ад ліста ў падтрымку Лукашэнкі, то хакей ледзьве не добраахвотна прадэманстраваў сваю халуйскую сутнасць. Багата ў якіх хакейных клубах за рэжым падпісваліся ледзьве не поўнымі складамі. Тых, хто адмовіўся або хаця б спрабаваў адмовіцца, – мізэр. Ну, зразумела. Уся Беларусь пасля выбараў-2020 прахадзіла праверку на наяўнасць сумлення і годнасці. Спартоўцаў праверылі спачатку з дапамогай ліста супраць гвалту, а пасля – лістом за Лукашэнку.

Праверка засведчыла, што хакей – гэта дакладна не пра годнасць і сумленне. Там скокі з крывавым Баскавым – норма, а голас за народ – недаравальнае адхіленне.

Уласна, наш хакей – гэта ўвогуле не пра народ. Лядовых «рыцараў» можна вінаваціць у баязлівасці, сквапнасці, інфантылізме, затое ад прыроды яны надзеленыя вельмі чуллівымі страўнікамі, якія ў крытычнай сітуацыі дапамаглі ім беспамылкова вызначыць руку, што корміць.

У беларускім хакеі няма бізнесу. Дакладней, бізнес ёсць на ўзроўні гульцоў, трэнераў, дырэктараў, якія змагаюцца за корм, але не на ўзроўні клубаў. Хакей для Беларусі – нежыццяздольнае вычварэнне, якое трымаецца выключна на дэвіяцыі аднаго чалавека, які ў дзяцінстве зрабіў сабе з сука клюшку і ўсё ніяк не пакіне яе, бедную, у спакоі. На вернасць гэтаму чалавеку страўнікі беларускіх хакеістаў і прысягнулі, напляваўшы на астатніх.

Калі нейкія маўчуны з іншых відаў спорту, здолеўшыя дзесьці закапацца і не падтрымаць ні тых, ні іншых, яшчэ могуць фармальна наракаць на несправядлівасць санкцый за вайну, то злачынствы беларускіх хакеістаў супраць чалавечнасці добра зафіксаваныя. Спачатку з іх згоды пляжылі неабыякавых суайчыннікаў, цяпер з іх жа згоды вядуць вайну ва Украіне. Колькі месяцаў таму Аляксандр Румо – адзін з нешматлікіх прадстаўнікоў айчыннага хакея, каму сёння хочацца працягнуць руку – казаў пра карму, якая спасцігне яго былых калег. Тады гэтыя словы выклікалі ў мяне ўсмешку, здавалася, марна пужаць кармай тых, за каго думае страўнік, але ж ты глядзі. Ёсць дзеянне – і ёсць наступствы. Максімальна празрыстая прычынна-выніковая сувязь, ад якой не адкруціцца.

Хакеісты адным махам падпісаліся на ўсе злачынствы Лукашэнкі (сёння мы ведаем, што Лукашэнка = вайна) і, упэўнены, цяпер цудоўна разумеюць, дзякуючы каму апынуліся ў катэгорыі пракажоных, але наўрад ці шкадуюць пра свой выбар. Бо выступаць на чэмпіянаце свету – гэта пра годнасць, а атрымліваць грошы, выціснутыя з дзяржаўных прадпрыемстваў, якія жывуць у доўг, – гэта пра страўнік.

І справядліва, што менавіта праз беларускіх хакеістаў недвухсэнсоўнае папярэджанне атрымалі тыя аптымісты ад айчыннага спорту, хто думаў, што гэта – не надоўга. Ну, тыдзень, ну, месяц, ну, пару месяцаў – і ўсё супакоіцца, мы ізноў будзем у сусветнай сям’і на самых прэстыжных спаборніцтвах. А тут ужо вядома, што зборнай Беларусі па хакеі не будзе на чэмпіянаце свету-2023. Разумееце? Здаецца, толькі-толькі скончыўся турнір-2022, наперадзе яшчэ год, усё рэальна можа супакоіцца (дай Бог, каб так), а тут кажуць, што гэта вам ніяк не дапаможа. Гэта такі цікавы сігнал для розных беларускіх зборных па гульнявых відах спорту, дзе ёсць кваліфікацыі, рэйтынгі і гэтак далей. Астатнім таксама варта задумацца. Хаця чаго сумаваць? Можна ж правесці па дзесяць спарынгаў з расіянамі, зладзіць нейкія дваровыя турніры з медалькамі са «Спорттавараў» ад так званай Саюзнай дзяржавы – хтосьці і ад такога атрымае асалоду ў мікрафоны прапагандыстаў.

Не магу казаць за хакеістаў, але прызнаюся: дзесьці ў глыбіні душы мне прыкра, што так атрымалася з тым жа чэмпіянатам свету. У мірныя часы я ахвотна пасачыў бы, як на ўзроўні лепшых праявяць сябе нашы хлопцы з НХЛ, ці адшукаецца сярод маладых кіпераў новы Мезін (выбачайце за такое параўнанне), як сябе пакажуць тыя беларусы, кім зацікавіліся топ-клубы КХЛ, а яшчэ ці праб’юцца ў зборную маладыя жлобінскія зоркі (дарэчы, маладзёжныя і юніёрскія чэмпіянаты свету для беларусаў таксама міма, а вы толькі прыгадайце, колькі заўжды там было эмоцый і надзей).

Эх, калісьці цікавіцца такімі рэчамі было нармалёва.

Але рэжым Лукашэнкі мае «мілую» ўласцівасць. Нават тое, да чаго ставіцца з прыязнасцю, ён можа або пераўтварыць у лайно, або зацягнуць у лайно па самыя вушы. З хакеем так і атрымалася, і хакеісты ў такой сітуацыі могуць наракаць толькі на сябе, але страўнікі вышэйшыя за гэта, і таму наракаць дакладна не будуць.

Фота: vk.com/hc_metallurgzhlobin

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.