«Шахцёр» упершыню за 12 гадоў узяў у Барысаве перамогу – забіў БАТЭ два за шэсць хвілін і захапіў лідарства ў табліцы

0 8

Апошні раз «Шахцёр» перамагаў у гасцях БАТЭ яшчэ ў лістападзе 2010-га – тады падапечныя Уладзіміра Жураўля прывезлі з Барысава вікторыю з лікам 2:1. З таго часу салігорцы рабілі 15 спробаў разжыцца перамогай, але толькі здабылі сем нічыіх. Кожная серыя калі-небудзь перарываецца – і здарылася гэта ў самы непрыдатны для барысаўчан момант. БАТЭ па-ранейшаму не абзавёўся галоўным трэнерам, а таксама не можа пахваліцца былой упэўненасцю ў вышэйшай лізе – усяго тры вікторыі ў апошніх дзевяці паядынках. Перад вочнай сустрэчай у БАТЭ і «Шахцёра» была роўная колькасць балаў, але ў «гарнякоў» адзін матч у запасе.

Лік на табло «Барысаў-Арэны» адкрылі госці на першых хвілінах другога тайма. Сяргей Паліцевіч, які з-за траўмы не з’яўляўся на полі з пачатку ліпеня, распячатаў вароты Андрэя Кудраўца, дакладна стукнуўшы галавой пасля падачы ад вуглавога сцяжка. Гэты гол ужо трэці для цэнтрдэфа ў бягучым чэмпіянаце.

У наступным матчы Паліцевіч зноў не згуляе. Ужо ў дадатковы час абаронца атрымаў чацвёртую жоўтую картку ў чэмпіянаце, таму прапусціць гульню супраць «Нёмана».

Праз шэсць хвілін пасля голу Паліцевіча салігорцы ўмацавалі сваю перавагу. Гэта Ігар Іванавіч атрымаў перадачу ў раёне 11-метровай адзнакі і прашыў варатара БАТЭ.

Да фінальнага свістка лік не змяніўся – «Шахцёр» перамог 2:0.

Цяпер «гарнякі» аднаасобна захапілі лідарства ў турнірнай табліцы і апярэджваюць барысаўчан на тры балы, маючы наперадзе на матч больш.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.