Той самы неверагодны беларус. Тры гады, як памёр пiянiст, што ўратаваў «Крумкачоў» – каманда прымала як свайго, дзеля матчаў цярпеў «ахову» сiлавiкоў

0 8

Былы прэс-сакратар клуба – памяцi Юрыя Блiнова.

Той самы неверагодны беларус. Тры гады, як памёр пiянiст, што ўратаваў «Крумкачоў» – каманда прымала як свайго, дзеля матчаў цярпеў «ахову» сiлавiкоў

21 красавiка мiнула тры гады, як не стала Юры Блінова (прабачце, буду так называць замест афіцыйнага «Юрый», бо ён і сам не любіў афіцыёз). Ён памёр на марафоне ў Гомелі – і відавочцы кажуць, што Юра да апошняга бег да фінішу. Не дацягнуў некалькі метраў. І, мабыць, ужо адчуваў сябе дрэнна, але ўсё роўна бег, бег, бег, бо ён заўсёды даводзіў справы да канца – ці то канцэрт, ці то гульня, ці то марафон. Дагэтуль памятаю, што даведаўся пра гэтую навіну якраз у Гомелі – і проста сеў на бардзюр на вуліцы, дзе ішоў. Стаяць было немагчыма, думаць і дыхаць – таксама.

Бліноў – сусветна вядомы піяніст і аматар футбола, заўзятар і адзін з сузаснавальнікаў новых «Крумкачоў». Я вельмі далёкі ад музычнага свету, але мяне ўразіла тое, што Юра стаў першым беларусам, які выступаў у Карнегі-Холе. Гэта – ну я не ведаю – прыкладна як беларусу выйграць Лігу чэмпіёнаў. У складзе «Крумкачоў».

Той самы неверагодны беларус. Тры гады, як памёр пiянiст, што ўратаваў «Крумкачоў» – каманда прымала як свайго, дзеля матчаў цярпеў «ахову» сiлавiкоў

Дарэчы, наконт «Крумкачоў»: у 2018 годзе было невядома, ці будзе ўвогуле існаваць каманда, і Юра стаў адным з тых людзей, хто пераканаў АБФФ зарэгістраваць новы клуб.

Калі працягваць метафары, то ў свеце музыкі Юра – гэта Тоні Кроас. Ён вельмі шанаваў Кроаса і лічыў яго найвыдатнейшым футбалістам. У час, калі людзі звычайна любяць форвардаў-бамбардзiраў, Юра захапляўся вытанчаным паўабаронцам, які стварае невідавочную для большасці прыгажосць.

У 2018 годзе Бліноў вёў перамовы пра тое, каб Тоні Кроас прыехаў у Беларусь. Гэта было вельмі важна для Юры – прывезці куміра ў родную краіну, якую ён так любіў. Зразумела, што Кроас завітаў бы і ў Дом футбола. Але калі АБФФ пачала рабіць усё, каб «Крумкачы» не згулялі ў вышэйшай лізе і ўвогуле не існавалі, Бліноў адмовіўся ад перамоваў. Я памятаю, што тады пісалі ў каментах пад гэтай навіной – але людзі проста не разумелі, што чалавек адмовіўся ад мары ў знак пратэсту. І гэта вельмі каштоўна.

Кроасу ён прысвяціў цэлы канцэрт на пяць эпізодаў, які так і назваў – «Concerto – Krooso».

Яшчэ адну сваю працу Юра прысвяціў «Крумкачам», на гульні якіх пачаў прыходзіць у 2016 годзе. Гэта крышачку разбурае мозг, што сусветна вядомы піяніст прыходзіць на футбол, стаіць у агульнай чарзе і праходзіць дагляд АМАП. Аднойчы пасля гульні «Крумкачоў» у Берасці ён ехаў дадому ў родны Драгічын з сімволікай клуба. Узбуджаныя міліцыянты паставілі ў цягніку некалькі «ахоўнікаў» да такога грознага «злачынцы» – а Юра паказваў ім відосы са свайго канцэрта ў Будапешце ды расказваў пра класічную музыку.

Дарэчы, свой родны Драгічын ён таксама вельмі любіў. У горадзе Бліноў заснаваў фестываль для юных музыкаў – «Палескі агеньчык». Гэты фестываль даваў маленькім музыкам магчымасць паказаць сябе, атрымаць першыя ўзнагароды ці першы досвед фестываляў. І родную Беларусь Юра вельмі любіў – нашу культуру, нашу мову, нашу літаратуру і музыку.

У 2017 годзе «Крумкачы» мелі велізарныя фінансавыя праблемы. У канцы жніўня клуб запусціў краўдфандынг, праз які атрымалася сабраць 15 тысяч долараў. Той краўдфандынг прадугледжваў розныя падарункі і бонусы фундатарам, у тым ліку – трэніроўку разам з камандай. Дзесьці пяць ці шэсць чалавек атрымалі такі незвычайны і цікавы досвед – і Юра ў тым ліку. Але толькі Блінова каманда – а там былі Арцём Чалядзінскі, Філ Іваноў, Аляксандр Скшынецкі, Кірыл Алексіян і іншыя вядомыя па беларускіх мерках футбалісты – прыняла як роднага.

Той самы неверагодны беларус. Тры гады, як памёр пiянiст, што ўратаваў «Крумкачоў» – каманда прымала як свайго, дзеля матчаў цярпеў «ахову» сiлавiкоў

Каб вы разумелі, атрымаць так хутка павагу ад футбольнага калектыву не проста цяжка, а вельмі цяжка, асабліва калі вы «нефутбольны» чалавек. У спорце ў прынцыпе каманда з вялікай цяжкасцю ўспрымае любых людзей звонку. Напрыклад, мяне падчас працы ў «Крумкачах» калектыў пачаў успрымаць дзесьці праз 4 месяцы працы – калі я накасячыў і атрымаў люлей ад галоўнага трэнера (ага, такія рэчы збліжаюць).

Гэты прыклад тут дзеля таго, каб вы зразумелі ўнікальнасць сітуацыі. Юра ніколі не гуляў у футбол на прафесійным узроўні, ён увогуле піяніст і заўзятар, але яму хапіла літаральна 10 хвілін на занятку, каб футбалісты пачалі прымаць яго за свайго – пасаваць, падтрымліваць пасля няўдалых ці ўдалых момантаў і ледзьве не сварыцца за тое, каб у двухбакоўцы ён гуляў за іх. А ўвечары мне патэлефанаваў галоўны трэнер Аляксей Кучук і сказаў: «Скай, слухай, тут футбалісты кажуць – калі ў Юры няма планаў, дык няхай прыходзіць заўтра на трэніроўку таксама».

Мне падаецца, што гэта найлепшае з магчымых прызнанняў.

Той самы неверагодны беларус. Тры гады, як памёр пiянiст, што ўратаваў «Крумкачоў» – каманда прымала як свайго, дзеля матчаў цярпеў «ахову» сiлавiкоў

І сам Юра пасля той трэніроўкі быў у захапленні – а даведаўшыся пра словы трэнера Ваўчэцкага, што Юра ў гульні глядзеўся лепей, чым любы з футбалістаў за фартэпіяна, смяяўся і прапаноўваў даць урокі футбалістам.

Мы часта кажам, што пра нейкага чалавека немагчыма сказаць благое – і часта гэта ветлівае перабольшванне. Але пра Юру Блінова сапраўды немагчыма. Як бы я ні хацеў, я проста не ведаю аніводнага чалавека, які б мог сказаць пра яго штосьці дрэннае.

Ён знаходзіў агульную мову з рознымі людзьмі – ці то футбаліст, ці то журналіст, ці то рабочы завода.

Шмат пра якіх беларускіх зорак мы думалі з цікавасцю: а як бы Салей сябе паводзіў у 2020 годзе? а што б сказаў Цыплакоў? І на гэтыя пытанні цяжка адказаць шчыра.

Але я ведаю адказ на такое пытанне пра Юру Блінова – бо ён заўсёды быў тым самым неверагодным беларусам. Яшчэ задоўга да 2020 года. Мне, нам, заўзятарам, «Крумкачам» яго вельмі не хапае.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.