Блюзнерылі ў ЗША з каханым, натхняліся ў Альпах, крыху хварэлі – што рабілі зоркі белтэнісу падчас «Уімблдона»
«Уімблдон-2022» скончыўся: у жаночым адзіночным разрадзе перамогу атрымала прадстаўніца Казахстана Алена Рыбакіна, а серб Новак Джокавіч у фінале адолеў аўстралійца Ніка Кірыеса.
Расіяне і беларусы былі адхілены ад удзелу ў брытанскім турніры праз вайну, распачатую Расіяй супраць Украіны з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Таму спартоўцы з беларускім грамадзянствам мелі нетыповыя справы падчас «Уімблдону».
Вікторыя Азаранка
Экс-першы нумар рэйтынгу спакойна адрэагавала на навіну пра выключэнне беларусаў з «Уімблдона»-2022.
– З улікам усяго, што адбываецца ў свеце, я не буду тут сядзець і расказваць, як мне цяжка. <…> Я веру ў яднанне, веру ў тое, што трэба быць добрым чалавекам і дапамагаць іншым, калі ёсць магчымасць. І я буду і далей гэта рабіць, – пракаментавала Азаранка рашэнне аргкамітэту.
Замест «Уімблдона» беларуска бавіла час у сваім доме ў Каліфорніі разам с сынам і сабакам (у апошняга нават ёсць Instagram).
Таксама Азаранка распавяла, што крыху прыхварэла ў апошнія некалькі дзён, але цяпер вярнулася да трэніровак.
Тым не менш усё ж можна зрабіць выснову, што нядопуск на англійскі турнір крыху зачапіў Вікторыю. Так, яна адзначыла лайкам твіт, у якім з іроніяй ідзе гаворка пра глыбокія казахскія карані пераможцы турніру Алены Рыбакінай, якая насамрэч яшчэ пару гадоў таму выступала за Расію, а нарадзілася ў Маскве.
На пытанне пра вайну ва Украіне Рыбакіна адрэагавала вельмі нестандартна. Таму не будзем дакараць Азаранку за тое, што яна не павіншавала казахарассіянку з перамогай, затое саступіўшую ў фінале Онс Жабер павіншавала.
Арына Сабаленка
Другая беларуская «зорка» разам з такім жа праўладным падпісантам і бойфрэндам Канстанцінам Кальцовым паляцела ва Флорыду. Сам «Уімблдон» яна не глядзела, каб не плакаць.
Увогуле адпачынак атрымаўся насычаным: тут вам і жарты (ці не) пра неадэкватнасць, і заявы Кальцова пра хуткі дэкрэт. Нават з сынам ад першага шлюбу свайго каханага Сабаленка паспела павесяліцца.
Пара едзіла на рыбалку, адпачывала на ўзбярэжжы акіяна.
Аляксандра Сасновіч
Яшчэ адна беларуска, якая магла згуляць на лонданскіх кортах – Аляксандра Сасновіч. Але замест «Уімблдона» паляцела ў нямецкія Альпы, з якіх падзялілася некалькімі фотаздымкамі.
А яшчэ паспела завітаць у родны Мінск, дзе атрымала вялікі букет.
Сасновіч адзіная, хто ў адкрытую шкадуе пра адхіленне ад «Уімблдона». Вось рэтра-фота з сумным допісам у Instagram.