Чырвоны сцяг і нечаканая перамога чэмпіёна. Першы этап другога сезону Extreme E выдаўся багатым на аварыі

0 20

Фота: extreme-e.com

Электрычная пазадарожная гоначная серыя Extreme E ў мінулы ўік-энд пачала свой другі сезон у Саудаўскай Аравіі. Першы яго этап скончыўся нечаканай перамогай дзейснага чэмпіёна Йохана Крыстоферсана.

Чырвоны сцяг і нечаканая перамога чэмпіёна. Першы этап другога сезону Extreme E выдаўся багатым на аварыі

Чаму чэмпіёна, спытаеце вы, у Extreme E ж змяшаныя экіпажы – мужыкі і дзяўчаты? Так, але Крыстоферсан, які працягвае выступаць за каманду чэмпіёна Формулы 1 2016 года Ніка Росберга Rosberg X Racing, у новым сезоне робіць гэта не з Молі Тэйлар, а са сваёй суайчынніцай Мікаэлай Алін-Катулінскі, якая раней была напарніцай Кэвіна Хансэна.

Гэта не адзіная перамена ў Extreme E, пра астатнія мы цягам сезону таксама пагаворым. Развіваецца і сама гоначная серыя, якая з 2024 года можа перайсці на вадародныя паліўныя элементы, якія заменяць сабой батарэі, што зараз сілкуюць рухавікі пазадарожнікаў Odyssey 21. Хаця ў першую чаргу разглядаецца варыянт, калі цяперашнія машыны і новыя будуць суседнічаць і стартаваць у розных заездах, а можа нават і разам.

Гэта, зрэшты, будучыня. На сённяшні ж дзень тэхніка ў Extreme E тая ж, што і ў першым сезоне. А вось каманд паболела – далучыўся не хто-небудзь, а цэлы McLaren, чый кіраўнік Зак Браўн таксама прысутнічаў на першым этапе ў Неоме, што ў Саудаўскай Аравіі.

Чырвоны сцяг і нечаканая перамога чэмпіёна. Першы этап другога сезону Extreme E выдаўся багатым на аварыі

Выступіў экіпаж брытанскага калектыву ў складзе амерыканскай зоркі Танэра Фаўста і новазеландкі Эмы Гілмар, дарэчы, нядрэнна – у фінал яны патрапілі. Праўда, не з паўфінальных заездаў, а з так званай Crazy Race, у якой перамаглі.

У ёй жа удзельнічалі і Кэвін Хансан, які цяпер выступае разам якраз з Молі Тэйлар у складзе каманды чэмпіёна Формлы 1 2009 года (калі ж яны скончацца?!) Джэнсана Батана JBXE. Але малады шведскі ралі-красмэн патрапіў у аварыю, у якой пашкодзіў пазваночнік і лёгкае, праз што нават быў дастаўлены ў бальніцу. На шчасце, зараз Кэвін ужо адчувае сябе нядрэнна і, спадзяёмся, разам з астатнімі ўдзельнікамі сусветнага ралі-кросу пачне яго новы сезон і новую ж таксама электрычную эпоху ў Вугоршчыне 21 мая.

Праз паўфіналы ж праходзілі Крыстоферсан з Алін-Катулінскі і мінулагоднія супернікі чатырохразовага чэмпіёна свету па ралі-кросе – дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі, пераможца нядаўняга ралі Монтэ-Карла і срэбраны прызёр ралі Дакар Себасцьен Лёб і Крысціна Гуцьерэс, якія працягваюць абараняць колеры каманды сяміразовага, але ўжо не дзейснага чэмпіёна Формулы 1 Льюіса Хэмілтана X44 (выбачайце за занадта вялікую колькасць чэмпіёнаў у адным сказе). І тыя, і тыя, дарэчы, удзельнічалі ў першым заездзе, дзе мацнейшымі сталі Лёб і Гуцьерэс, якія днём раней перамаглі ў кваліфікацыях. Зрэшты, Крыстоферсана і Алін-Катулінскі другое месца задаволіла, і пропуск у фінал яны таксама атрымалі.

Чырвоны сцяг і нечаканая перамога чэмпіёна. Першы этап другога сезону Extreme E выдаўся багатым на аварыі

З другога паўфіналу адабраліся амерыканец Кайл Ледзюк і амерыканка Сара Прайс (будзем датрымлівацца гендэрнай роўнасці, прынятай у Extreme E) з каманды Chip Ganassi Racing і іспанец Карлас Сайнс-старэйшы і Лайя Санц, якія ўсё так жа прадстаўляюць калектыў Acciona Sainz XE. Першыя перамаглі, другія фінішавалі следам.

У тым жа заездзе з барацьбы выбыў старэйшы брат Кэвіна Хансэна Цімі, які выступае ў складзе каманды Genesys Andretti United Extreme E разам з брытанкай Каці Манінгс. І таксама праз аварыю! Але тут хаця б траўміраванае было хіба што самалюбства гоншчыкаў, якія праляцелі міма фіналу.

Ну а ўжо ў фінале развярнулася сапраўдная драма! Спачатку лідарства захапіў Сайнс, які пачынаў заезд, Лёб увязаўся за ім. І вось за іх спінамі хутка адбылося тое, што і вырашыла лёс галоўнай узнагароды этапу пад назвай Desert X Prix. Фаўст занадта смела пайшоў у атаку, і ў паднятым супернікамі наперадзе пылу не згледзеў машыну Алін-Катулінскі, у якую ўрэзаўся ззаду, крыху яе пашкодзіўшы.

Мікаэла-та гонку працягнула, а вось для Танэра яна была скончаная, бо яго Адысей перакуліўся. Праз гэта гонка была спыненая чырвоным сцягам, а аднаўлялі яе пазней з зоны змены гоншчыкаў. Прычым кожны атрымаў асобную адмашку клецістым сцягам у адпаведнасці з пазіцыяй, якую займаў на момант спынення заезду, а яго пераследнік адпраўляўся за ім праз столькі ж секундаў, колькі паміж імі было на момант чырвонага сцяга.

Такім чынам першай стала Санц, другой Гуцьерэс, а трэцім Крыстоферсан. Апошняму, відаць, і дапамог яго ралі-кросавы досвед – швед хутка дагнаў і абагнаў спачатку адну іспанку і амаль адразу пакінуў ззаду і другую, адчайна яе атакаваўшы на мяжы аварыі і з шырокім выхадам з павароту. Але машыну Йохан утрымаў, як і захопленае лідарства, якое затым канвертаваў у перамогу. Санц і Сайнс занялі другое месца, Гуцьерэс і Лёб фінішавалі трэцімі.

У такім жа парадку гоншчыкі і іх каманды размяшчаюцца пасля першага этапу і ў чэмпіянаце. RXR лідзіруюць, маючы 30 ачкоў, Acciona Sainz XE другія з 18 баламі, а X44, у якіх 15 ачкоў, замыкаюць першую тройку.

Чырвоны сцяг і нечаканая перамога чэмпіёна. Першы этап другога сезону Extreme E выдаўся багатым на аварыі

Падрыхтавацца да наступнага этапу пад назвай Island X Prix на выспе Сардынія хопіць часу ўсім – ён пройдзе 7-8 мая. Усяго ж у другім сезоне Extreme E запланавана пяць этапаў, апошні з якіх мусіць прайсці 26-27 лістапада ў Уругваі. На гэтым жа тыдні гоначны сезон-2022 працягнецца стартам сезону сусветнага мотакросу ў Вялікабрытаніі, які быў перанесены з мінулых выхадных праз прыроднае наступства – шторм Юніс, і другім этапам WRC, ралі Швецыя.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.