Дождж, чырвоныя сцягі, перамога Ньюгардэна і нечаканы подыум Малукаса на этапе IndyCar у Мэдзісане
Фота: indycar.com
Калі ў Формуле 1 песімісты ўжо падводзяць вынікі сезону і карануюць Макса Ферстапена па выніках трынаццаці этапаў, то ў амерыканскай серыі IndyCar інтрыга захоўваецца за дзве гонкі да канца. Прэтэндэнтаў на перамогу некалькі, і пілот Team Penske Джозэф Ньюгардэн, які перамог на авале ў Мэдзісане – адзін з іх.
Краіна – лідар свабоднага свету на Зямлі зараз адзіная, і гэта Украіна. За сваю свабоду яна ўжо шэсць месяцаў плаціць высокую цану, і таму заслужыла святкаванне Дня незалежнасці. Які сёння маглі б святкаваць і беларусы, калі б іх краіну не аддаў агрэсару тутэйшы дыктатар. Ён цынічна павіншаваў украінцаў са святам, а потым з нашай тэрыторыі на іх ізноў паляцелі ракеты.
Адказнасць за злачынствы супраць народу Украіны ляжыць не толькі на яго усходнім гаспадары, але і на ім самім. Адказаць яму прыйдзецца і за злачынствы супраць беларусаў і за здраду ім. Вызваленне Украіны дапаможа і Беларусі вызваліцца ад яго, таму кожны беларус зычыць поспеху ўкраінцам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!
Українські танкісти проти російської артилерії. Як ви думаєте, хто переміг?#stoprussia pic.twitter.com/fIIMzgdDOR
— Генеральний штаб ЗСУ (@GeneralStaffUA) 25 августа 2022 г.
Нешта падказвае, што Украіна дзякуючы міжнароднай ваеннай падтрымцы вызваліцца не толькі эфектыўна, але і эфектна. Таму што дапамаюць ёй у тым ліку Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе рабіць шоу ўмеюць выдатна, што бачна і на прыкладзе тамтэйшых аўтагонак, у тым ліку формульнай серыі IndyCar.
Здавалася б, ну што цікавага ў гонках на авалах з аднымі левымі паваротамі? Тым больш на машынах, якія ў прынцыпе добра паварочваюць у абодва бакі. Аднак на этапе ў Мэдзісане, штат Ілінойс, пераможца не быў вядомы да самых апошніх кругоў.
З поўла 260-кругавы заезд пачынаў лідар сезону з каманды Penske Уіл Паўэр. Ён жа ўзначальваў пелатон значную частку дыстанцыі, аднак на сто пяцьдзесят дзявятым кругу на рэстарце яго абагнаў канкурэнт з Arrow McLaren SP Партысіа О’Ворд. А іх абодвух шасцю кругамі пазней абагнаў партнёра аўстралійца Джозэф Нюгардэн. Ён якраз ехаў на свежых шынах і з поўным бакам бензіну, і неўзабаве пачаў нарошчваць адрыў.
Свежая гума была ўсталяваная і на балідзе яшчэ аднаго прадстаўніка Penske Скота МакЛафліна, і ён праз некаторы час таксама пакінуў ззаду Паўэра з О’Вордам, падняўшыся на другую пазіцыю. Менавіта новазеландзец пасля чарговай хвалі піт-стопаў і выйшаў у лідары, бо на піт-стопе Ньюгардэна праз круг пасля яго, на дзвесце сёмым, узнікла зусім кароткая замінка. Амерыканцу ж дапамагла прырода, якая прынесла дождж. Ён, праўда, стаў і прычынай чырвоных сцягоў на дзвесце сямнаццатым кругу і болей чым двухгадзіннага чакання рэстарту.
Затое фінальныя сорак сем кругоў праходзілі ўжо пры штучным асвятленні і высокай актыўнасці на трасе, бо ва ўсіх былі свежыя шыны і дастаткова паліва ў баках. МакЛафлін, праўда, мяркую, пажадаў бы, каб актыўнасці было паменей, бо за трыццаць шэсць кругоў прапусціў Ньюгардэна, а на апошнім кругу – і Дэвіда Малукаса, задаволіўшыся ў выніку трэцім месцам.
Амерыканскі пілот літоўскага паходжання, які выступае за каманду Dale Coyne Racing with HMD Motorsports, з’яўляецца дэбютантам сезону, і ў Мэдзісане стартаваў толькі дванаццатым. Аднак пісьменны пілатаж і не меней пісьменная стратэгія каманды дазволілі яму заваяваць першы подыум. Хіба што шампанскага на цырымоніі ўзнагароджвання арганізатары яму не далі, бо па законах ЗША Дэвід яшчэ непаўналетні – яму 20 гадоў. Ньюагрдэн дазволіў толькі папырскацца са сваёй бутэлькі.
Настрой Джозэфу гэта дазваляў – ён падняўся на другую пазіцыю ў чэмпіянаце і мае 479 ачкоў, на тры адстаючы ад Паўэра, які ў Мэдзісане фінішаваў шостым. Пераможца папярэдняга этапу ў Нэшвіле Скот Дзіксан у мінулыя выхадныя заняў толькі восьмае месца. У генеральнай класіфікацыі пілот Chip Ganassi Racing апусціўся на трэцюю пазіцыю і мае 468 ачкоў.
Толькі і застаецца, што з нецярпеннем чакаць двух апошніх этапаў. Матэматычна на тытул чэмпіёна IndyCar прэтэндуе сем пілотаў, і можна не сумнявацца, што кожны з іх паспрабуе цяпер зрабіць для перамогі ўсё. Іх барацьба працягнецца 2-4 верасня на стацыянарнай 1,964-мільнай (3 160-метровай) трасе Portland International Raceway, дзе будзе разыграны Гран Пры Портлэнду.