Скандал праз упрыгожванні і працяг наступу Red Bull. Чаму перамога Макса Ферстапена ў Маямі важная для Формулы 1

0 10

Фота: formula1.com

Спартыўныя падзеі першага ў гісторыі Формулы 1 Гран Пры Маямі былі хоць і нешматлікімі, але важнымі для чэмпіянату свету. Толькі пачаўся ён са скандалу, які можа мець вельмі цікавы працяг.

Скандал праз упрыгожванні і працяг наступу Red Bull. Чаму перамога Макса Ферстапена ў Маямі важная для Формулы 1

Учора ўвесь свет адзначаў перамогу над нямецкім нацызмам у 1945 годзе. Але на вялікі жаль, нацызм увогуле тады не скончыўся, што мы добра пабачылі ў 2014-м і што стала канчаткова зразумела нават самым някемлівым 24 лютага 2022 года. Саўковы нацызм назваў сябе іначай і, пазбавіўшыся канкурэнцыі, працягнуў сваё існаванне.

Здавалася, у 1991 пераможаны быў і ён, але тут гэтая зараза ўелася ў мазгі, чым скарысталіся прайдзісветы, якія прыйшлі да ўлады, выкарыстаўшы дэмакратычныя механізмы. Доўгі час дыктатары постсавецкай прасторы здзекаваліся толькі над сваімі народамі, але цяпер два з іх ужо адкрыта ваююць з украінцамі, якія абралі іншы шлях.

Украіна супрацьстаіць расійска-фашысцкай агрэсіі ўжо амаль два з паловай месяцы. Яна панесла невымерныя чалавечыя страты, але не здалася і не скарылася ворагу. За ёй увесь свет, які, прачухаўшыся і зразумеўшы, што натуральна з нацызмам ізноў і сутыкнуўся, цяпер аказвае Украіне ваенную дапамогу. А галоўнае, што за ёй праўда, што робіць перамогу ўкраінскага народа непазбежнай.

Страты ў барацьбе за волю ўкраінскага народа нясуць і беларусы, якія ваююць побач з украінцамі. Свабоду даўно прыспеў час прынесці і на нашу зямлю, і перамога Украіны моцна гэтаму паспрыяе. Дзень яе перамогі стане сапраўдным Днём Перамогі над нацызмам, і крытычна важна, каб яна была канчатковая. Таму пажадаем гэтай перамогі нашым сябрам і суседзям. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Спадзяюся таксама, што будучы Гран Пры Украіны будзе цікавейшым за першы ў гісторыі Гран Пры Маямі, што ў мінулыя выхадныя правяла Формула 1. Не, я не хачу сказаць, што там зусім не было на што глядзець. Але мае ўласныя чаканні аказаліся завышанымі, і ледзь не цікавей было глядзець за разгортваннем чарговага скандалу ў Вялікіх Прызах.

Пачалося ўсё, насамрэч, не ўчора. Забарона на металічныя ўпрыгожванні падчас гонак і правіла аб выкарыстанні выключна вогнетрывалай бялізны былі прынятыя яшчэ ў 2005 годзе. Проста адзін з новых дырэктараў гонак FIA Нільс Віціх нядаўна, па ходу Гран Пры Аўстраліі, пра гэта ўспомніў і нагадаў усім, што выконваць гэта абавязаныя ўсе. Вось толькі не ўсе захацелі! Напрыклад, сяміразовы чэмпіён Льюіс Хэмілтан, які носіць і пірсінг, і ланцугі, заявіў, што гэта яго ўласная свабода, якую ніхто не мае права абмяжоўваць.

Перад Гран Пры Маямі да яго далучыўся чэмпіён чатырохразовы – Себасцьян Фетэль. Немец з Aston Martin сумнеўным чынам высмеяў памкненні FIA, нацягнуўшы паверх гоначнага камбінезона трусы. Маўляў, нам што, няма пра што больш клапаціцца?

Пры гэтым Віціх падрабязна абгрунтаваў, чым металічныя ўпрыгожванні небяспечныя для гоншчыкаў: яны могуць пагоршыць цяжкасць апалаў, калі машына загарыцца (аварыю Рамэна Гражана на Гран Пры Бахрэйна 2020 года не прыгадаў толькі лянівы), за іх могуць зачапляцца элементы экіпіроўкі, калі іх спатрэбіцца зняць для аказання дапамогі, а, напрыклад, пірсінг у носе ці на языку можа ў выніку аварыі змясціцца ці быць праглынутым з усімі зразумелымі наступствамі.

Але Хэмілтан усё роўна адмовіўся падпарадкоўвацца патрабаванням FIA. На прэс-канферэнцыю ў пятніцу ён заявіўся, начапіўшы на сябе некалькі кілаграмаў, пірсінга і ланцугоў, а таксама з некалькімі гадзіннікамі на руках. Таму цікава будзе паглядзець, ці пойдзе Міжнародная аўтамабільная федэрацыя на прынцып і ці будзе штрафаваць яго.

Скандал праз упрыгожванні і працяг наступу Red Bull. Чаму перамога Макса Ферстапена ў Маямі важная для Формулы 1

А штрафы прадугледжаныя немалыя – ад 50 тысяч еўра за першае парушэнне да 250 тысяч са зняццем да дзесяці ачкоў у чэмпіянаце за трэцяе. Пры гэтым пацвярджаць, што гоншчыкі экіпіраваныя належным чынам, мусяць будуць каманды. За ілжывыя дадзеныя для іх будзе прадугледжаны штраф у 250 тысяч еўра.

Хаця пілоту Mercedes зараз асабліва няма чаго губляць, за чэмпіянат ён на дадзены момант усё роўна не змагаецца. Хаця ў фінал кваліфікацыі ў Маямі, у адрозненні ад свайго маладога напарніка і суайчынніка Джорджа Расэла, прайшоў. Пры гэтым Расэл быў ў ліку лідараў у пятніцу, а вось у суботу каманда ў пошуках налад зноў зайшла некуды не туды. У выніку стартаваць Джорджу прыйшлося дванаццатым, тады як Льюіс кваліфікаваўся шостым.

За поўл жа ўжо прывычна змагаліся пілоты Ferrari і Red Bull. Дакладней, канкрэтна лідар цяперашняга чэмпіянату Шарлем Леклерам і дзейсным чэмпіёнам Максам Ферстапенам. Але нідэрландзец паказаў толькі трэці вынік, прапусціўшы на першы шэраг абодвух прадстаўнікоў Скудэрыі. Другі вынік, негледзячы на непрыемную аварыю ў пятніцу і на боль у шыі пасля яе, паказаў Карлас Сайнс. Ну а Леклер заваяваў поўл, стаўшы аўтарам першага абсалютнага рэкорда трасы ў Маямі – 1:28,796.

Скандал праз упрыгожванні і працяг наступу Red Bull. Чаму перамога Макса Ферстапена ў Маямі важная для Формулы 1

Я часта паўтараю, што поўлы не важныя ў мотагонках, у многім у адрозненні ад той жа Формулы 1, у якой першая стартавая пазіцыя часам проста амаль гарантуе перамогу. Прынамсі, так было ў часы дамінавання розных каманд у розныя часы (Ferrari, Red Bull, Mercedes). Зараз жа ў Вялікіх Прызах нейкага вызначанага лідара няма, і ў розных умовах ініцыятыва мяняе ўласніка.

Канкурэнты, найперш прадстаўнікі Red Bull, хвалілі машыны Ferrari за большую універсальнасць, за тое, што яна ў розных умовах лепей працуе з рознымі тыпамі шын. Аднак, калі верыць вачам, універсальнымі сталі і Red Bull RB18, асабіста пасля абнаўленняў, ужытых яшчэ перад Гран Пры Эміліі-Раманьі. Вось і ва ўчарашніх спякотных умовах Ферстапен быў хуткім ужо на стартавым камплекце Medium. Сайнса Макс абагнаў ужо на старце, а Леклера – на дзявятым кругу.

Чым гонка скончыцца, стала зразумела хутка – пілот Red Bull аператыўна адарваўся болей чым на секунду ад канкурэнта з Ferrari, пазбавіўшы таго магчымасці карыстацца DRS, зон актывацыі якой у Маямі было тры. Нейкая надзея, што скончанае не ўсё, з’явілася на сорак першым кругу, калі гоншчык AlphaTauri П’ер Гаслі, дапусціўшы памылку, вяртаўся на трасу і зачапіў балід Ланда Норыса, што прывяло да аварыі брытанца з McLaren і яго сходу з дыстанцыі, а таксама да выезду на трасу аўтамабіля бяспекі.

Усе адрывы ліквідаваліся, што дазволіла Леклеру наблізіцца да Ферстапена. Але дзякуючы перавазе на прамых Макс ізноў хутка скінуў манэгаска з хваста, утрымаў лідарства да фінішу і атрымаў дваццаць трэцюю ў сваёй кар’еры перамогу. Леклер заняў другое месца, а вось Сайнс здолеў выстаяць пад уціскам з боку напарніка Ферстапена Серхіа Перэса і фінішаваў трэцім.

Прыз за лепшую ролю другога плану ж заслужыў Расэл, які ў нядзелю прарваўся на пятае месца. Нават Хэмілтана ззаду пакінуў, на шостым месцы! Вось у кім у Mercedes не памыліліся. Зрэшты, Льюіс у сваю чаргу апярэдзіў хаця б свайго былога напарніка Валтары Ботаса, які цяпер выступае за Alfa Romeo і які на Гран Пры Маямі заняў сёмае месца.

Восьмым фізічна да фінішу дабраўся пілот Alpine Фернанда Алонса, але спачатку іспанец атрымаў 5-секундны штраф за сутыкненне з Гаслі, прапусціўшы наперад свайго напарніка па камандзе Эстэбана Акона. А ўжо пасля фінішу двухразовага чэмпіёна аштрафавалі яшчэ на пяць секунд за выезд за межы трасы і атрыманне перавагі, што адкінула яго ўжо на адзінаццатае месца.

У выніку адно ачко за дзясятае месца атрымаў напарнік Фетэля па Aston Martin Лэнс Строл. Для абодвух, дарэчы, гонка пачалася з непрыемнасцей – стартавалі яны з піт-лэйну, бо ў камандзе празмерна астудзілі паліва ў баках іх балідаў, за што пілоты маглі б атрымаць спагнанні. Фінішаваў жа толькі Лэнс, тады як Себасцьян сышоў з дыстанцыі пад канец гонкі пасля сутыкнення з пілотам Haas Мікам Шумахерам.

Скандал праз упрыгожванні і працяг наступу Red Bull. Чаму перамога Макса Ферстапена ў Маямі важная для Формулы 1

Сапраўдных жа апладысментаў заслугоўвае гоншчык Williams Алекс Албан, якому ўдалася пераадолець дыстанцыю гонкі з адным піт-стопам. У выніку да дзясятага месца ён даехаў сам, а пасля пакарання Алонса яно пераўтварылася ў дзявятае. Кантраст з чатырнаццатым яго напарніка Нікаласа Лаціфі красамоўны.

Што ж да перамогі Ферстапена, то для чэмпіянату яна крытычна важная. Так, атрыманая яна была ў далёка не самай захапляльнай гонцы, але нагадваю, што гэта толькі пяты этап сезону з дваццаці трох. І на вялікай частцы з іх у Ferrari знойдуць, чым адказаць Чырвоным Быкам, асабіста калі самі ўкароняць тэхнічныя абнаўленні.

Намнога важней, што дыстанцыя паміж лідарамі значна скарацілася, што абвастрыла барацьбу паміж імі. Леклер са 104 ачкамі застаўся на першай пазіцыі ў чэмпіянаце, але Ферстапен цяпер адстае ад яго на дзевятнаццаць балаў. Перэс, у якога 66 ачкоў, па-ранейшаму трэці. Ferrari захавала лідарства ў Кубку канструктараў, дзе мае 157 ачкоў, але Red Bull тут саступае ўвогуле шэсць. Mercedes застаецца трэцяй камандай як па хуткасці, так і па балах, якіх у яго 95.

Скандал праз упрыгожванні і працяг наступу Red Bull. Чаму перамога Макса Ферстапена ў Маямі важная для Формулы 1

Магчыма, у Маранэла нарыхтоўваюць контрнаступленне ўжо на кароткі еўрапейскі адрэзак сезону, які пачнецца з Гран Пры Іспаніі. Этап на трасе ў Барселоне пройдзе 20-22 мая.

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.