Як ходзіць на арэну нармалёвы прэзідэнт у Літве і як ходзіць Лукашэнка – проста шакавальная розніца. Тлумачыць чалавек, які глядзеў матчы з абаімі

0 3

Угадайце, для каго звозяць дзясяткі ахоўнікаў, ладзяць вобшукі і трымаюць запасных заўзятараў.

Пару дзён таму «Жальгірыс» з Вільні гуляў у кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў супраць шведскага «Мальме». Даволі нечакана адбыўся першы за чатыры гады солд-аўт – усе квіткі былі прададзеныя, хоць супернік далёка не «Севілья» (папярэдні солд-аўт быў менавіта на ёй).

«Жальгірысу» ўдалося парадаваць гледачоў – у тым ліку дзейнага і легітымнага прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседу. Пра тое, што прэзідэнт Літвы знаходзіцца на матчы, я даведаўся абсалютна выпадкова.

Вось ён, на фотаздымку. Бачыце?

Як ходзіць на арэну нармалёвы прэзідэнт у Літве і як ходзіць Лукашэнка – проста шакавальная розніца. Тлумачыць чалавек, які глядзеў матчы з абаімі

Гэта нават не VIP-ложа. І хоць у гэты сектар клуб, хутчэй за ўсё, выдаваў запрашэнні, факт знаходжання прэзідэнта сярод звычайных заўзятараў крыху здзіўляе мяне, беларуса. Я так не прывык, прабачце.

Нязвыкла прыходзіць на футбол і бачыць звычайны (хлоп-хлоп па кішэнях, «дзякуй, праходзьце») дагляд. Нязвыкла, калі на навакольных дамах няма снайпераў. Нязвыкла бачыць на трыбунах заўзятараў, якія не носяць у кішэні пасведчанне таварыша маёра. І якія, канечне, зусім не выдаюць сябе аднолькавымі прычоскамі ды позіркамі.

Пару гадоў таму я быў на матчы кіеўскага «Дынама», куды зазірнуў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Сітуацыя тая ж: дагляд нічым не адрозніваўся ад іншых гульняў, узмоцненага нараду паліцыі не назіралася. Заўзятары нават дазволілі сабе абсвістаць прэзідэнта, калі таго абвясцілі! Удакладненне чыста беларускае і яно, напэўна, выклікала б здзіўленне ў тых жа ўкраінцаў, але – так, заўзятарам нічога за гэта не было. І клубу.

А як у Беларусі?

Як ходзіць на арэну нармалёвы прэзідэнт у Літве і як ходзіць Лукашэнка – проста шакавальная розніца. Тлумачыць чалавек, які глядзеў матчы з абаімі

У мяне ёсць сябар, з якім мы часта хадзілі на футбол ці хакей у Менску. І вось мы з ім часам пісалі адзін аднаму «здаецца, на гэты матч я не пайду» – калі па нейкіх ускосных прыкметах станавілася зразумела, што на гульню прыедзе Лукашэнка.

Праўда, на футбол ён даўно не ходзіць. Не ведаю, праўда гэта ці не, але ёсць байка, што ў 1990-х на матчы зборнай Беларусі заўзятары выказалі яму ўсё, што думаюць – і з таго часу ён на адкрытыя стадыёны ні нагой. На хакеі больш зручна. Там ёсць закрытыя ложы, якія дазваляюць ізаляваць «цара» ад «простых смяротных».

У 2010-х Лукашэнка рэгулярна наведваў «Юнацтва» Міхаіла Захарава. Калі вы памятаеце, ад метро «Аўтазаводскай» да «Чыжоўка-Арэны» прыкладна пяць прыпынкаў на аўтобусе ці тралейбусе. Падчас аднаго з візітаў Лукашэнкі на хакей на гэтым маршруце я налічыў амаль паўсотні сілавікоў, якія стаялі на месцы, сядзелі ў машынах або патрулявалі вуліцы. АМАП увогуле абляпіў «Чыжоўку», як мухі аблепліваюць зусім не мёд.

Як ходзіць на арэну нармалёвы прэзідэнт у Літве і як ходзіць Лукашэнка – проста шакавальная розніца. Тлумачыць чалавек, які глядзеў матчы з абаімі

А што «Мінск-Арэна»? Дзіўна ці не, але на матчах КХЛ Лукашэнка амаль не з’яўляецца. Хаця падчас маёй працы ў «Дынама» такі выпадак быў – ён прыехаў на першы матч сезона-2019/20 супраць «Нафтахіміка». Гэта быў першы выпадак, калі мяне абшукалі перад прыходам на працу а 8:30 раніцы (да гульні, як разумееце, было яшчэ вельмі далёка).

Служба бяспекі кантралюе ўвогуле ўсё. Гледачы пакутуюць з-за вялізных чэргаў на ўваходзе, якія збіраюцца праз ўзмоцнены дадгляд. Прычым на «Мінск-Арэну» ў такія дні складаней дабрацца – бо ў нейкі момант праспект перакрываюць (у гадзіну пік!) для таго, каб Лукашэнка за хвіліну даляцеў да арэны.

Пакутуюць і супрацоўнікі клуба. Калі ты ўзаемадзейнічаеш з яго набліжанымі або ахоўнікамі, ні пра якую павагу да чалавека і яго працы гаворкі няма. На матчы з «Нафтахімікам» у 2019 годзе «Дынама» дарыла футболкі кожнаму з 15 тысячаў тых, хто прыйшоў на гульню. Прыкладна 20 супрацоўнікаў і валанцёраў клуба чатыры гадзіны акуратна выкладвалі на сядзенні гэтыя футболкі, каб усё выглядала прыгожа. А потым прыйшлі сілавікі з сабакамі і сталі правяраць сядзенні (раптам там выбухоўка, ага). Пад праверкай маецца на ўвазе алгарытм «зняць футболку, паглядзець на крэсла, шпурнуць назад». Некаторыя супрацоўнікі «Дынама» тады былі блізкія да таго, каб зʼехаць на адміністратыўку за год да таго, як гэта стала мэйнстрымам.

Але вось праўда, няўжо цэлы палкоўнік нармальна сябе адчувае за гэтай высокаінтэлектуальнай працай, якая ўключае ў сябе праверку крэслаў? Вядома, пытанне рытарычнае.

Як ходзіць на арэну нармалёвы прэзідэнт у Літве і як ходзіць Лукашэнка – проста шакавальная розніца. Тлумачыць чалавек, які глядзеў матчы з абаімі

Якія нязручнасці для журналістаў? Калі ў звычайныя дні яны прыходзяць прыкладна за паўгадзіны да матча, то ў дзень прыезду Лукашэнкі павінны заязджаць на арэну за дзве гадзіны да гульні. Пасля хуткага дагляду яны змушаныя проста марнаваць свой час.

І яшчэ цікавы факт пра матч «Дынама» – «Нафтахімік» у 2019 годзе. Адной з умоваў зʼяўлення Лукашэнкі на хакеі быў абавязковы аншлаг на матчы. Таму на велатрэку каля «Мінск-Арэны» адмыслова трымалі «запасных гледачоў» – на той выпадак, калі не будзе аншлагу. Але клуб прадаў усе квіткі, і «запасныя» не спатрэбіліся.

Падчас гульні КХЛ Лукашэнка размяшчаецца ў спецыяльная прэзідэнцкай ложы над трыбунай А. За ўсю гісторыю «Мінск-Арэны» яе выкарыстоўвалі некалькі разоў. Аднойчы яе адчынілі падчас Каляднага турніра – таму што Беларусь змагалася за заяўку на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі, а Калядны турнір – гэта такое мерапрыемства, куды прыляталі хакейныя чыноўнікі Еўропы. Іх паілі ды кармілі вельмі шчодра, каб паказаць, што прыкладна вось так вы будзеце кайфаваць падчас ЧС у Мінску, шаноўныя чыноўнікі. Выбірайце, маўляў, Мінск. Але Калядны турнір і яго патаемны сэнс – гэта тэма для іншых матэрыялаў.

Лукашэнка на хакеі атачае сябе велізарнай колькасцю аховы і перашкаджае людзям глядзець гульню, хаця сцвярджае, што яго падтрымлівае «90-93 адсоткаў беларусаў». Гітанас Наўседа, за якога прагаласавалі «ўсяго 65%», прыходзіць на футбол і сядзіць сярод заўзятараў.

Каго з іх сапраўды выбралі, а хто сілай узурпаваў уладу – здаецца, тут не трэба глыбака разбірацца.

Аўтар: Раман Шаўцоў, былы супрацоўнік прэс-службы хакейнага клуба «Дынама» Мінск

Источник

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.